У Слуцку здзекаюцца з Лукашэнкі?
- 28.12.2025, 9:28
У горадзе прадаюць дэфектны халадзільнік з намёкам.
У Слуцку выставілі на продаж халадзільнік у чырвона-зялёных колерах лукашэнкаўскага сцяга — асноўны корпус тэхнікі пафарбаваны ў чырвоны, маразільнае аддзяленне — у зялёны. Відэа пра незвычайную прыладу з’явілася ў TikTok, піша «Зеркало».
Незвычайную бытавую тэхніку вырабілі на заводзе «Атлант». Халадзільнік мадэлі ХМ-6025−031 мае вышыню больш за два метры, аб’ём халадзільнай камеры — 225 літраў.
Прыладу прадаюць за 1678 рублёў — гэта акцыйная цана. Першапачаткова за яе прасілі 1975 рублёў, што на 297 рублёў больш.
Значная зніжка, верагодна, тлумачыцца наяўнасцю дэфектаў. На корпусе халадзільніка размешчана тлумачальная запіска, з якой вынікае, што тэхніка прайшла рамонт. Спецыялісты замянілі кампрэсар і бак для талае вады, а таксама правялі рэгулявальныя працы фільтра-асушальніка.
У каментарыях карыстальнікі TikTok жартавалі, што халадзільнік больш падобны да ідэалагічнага элемента, чым да бытавога прыбора. Вось некаторыя рэакцыі:
«Трэба ўсіх чыноўнікаў абавязаць такія сабе ставіць…»;
«Ну і кожнаму чыноўніку вось такія паставіць у хаты, і ўсё выфарбаваць у чырвона-зялёны па-патрыятычна»;
«Унутры не хапае флагштока».
Таксама некалькі карыстальнікаў адзначылі, што падабраць інтэр’ер кухні для такога элемента можа быць вельмі няпроста.
Цікава, што гэта не першы халадзільнік у такой расфарбоўцы. У кастрычніку 2025 года з’явілася фота прылады ў тых жа колерах. Мадэль на фота была іншая — ХМ-6023−031, каштавала 1944 рублі з улікам уцэнкі. Судзячы па запісцы, у таго халадзільніка былі заменены кампрэсар, фільтр-асушальнік і заправачная трубка.
Дарэчы, на сайце вытворцы нельга выбраць чырвона-зялёную расфарбоўку — даступны толькі «класічны» белы колер. За мадэль ХМ-6025−031 просяць 1627 рублёў, а за ХМ-6023−031 трэба аддаць 1523 рублі.