BE RU EN

Барселона абвешчана Еўрапейскай каляднай сталіцай 2026 года

  • 27.12.2025, 18:50

Аўстрыйскі горад і мальтыйская вёска таксама атрымалі прэмію.

Барселона (Іспанія) стане ў наступным годзе Еўрапейскай каляднай сталіцай.

Яна атрымала ўзнагароду за сваю калядную атмасферу, узбагачаную шматвекавой гісторыяй, мастацтвам, традыцыямі і па-ранейшаму існуючымі мясцовымі звычаямі, звязанымі з Калядамі, паведамляе «Еўрапульс».

Напрыклад, падчас агінальда святочна апранутыя дзеці і моладзь ходзяць па дамах суседзяў, спяваюць калядкі (вільянсіка) і жадаюць шчасця ў абмен на невялікія падарункі, прысмакі або манеткі. Карані гэтага звычаю сягаюць у эпоху рымскіх Сатурналій, старарымскага снежаньскага свята на гонар бога земляробства Сатурна. Традыцыя агінальда распаўсюджаная па ўсёй Іспаніі, але ў Барселоне і па ўсёй Каталоніі яна асабліва жывая. Яшчэ на галоўнай плошчы Барселоны адкрываецца калядны кірмаш Санта-Люсія, а 5 студзеня па вуліцах горада праходзіць парад Трох Каралёў — Каспара, Мельхіёра і Балтазара, што прыйшлі з дарамі да немаўляці Ісуса.

Важна і тое, што Барселона святкуе Каляды з экалагічнымі і недарагімі ўпрыгожваннямі, праводзіць спецыяльныя майстар-класы, экалагічна чыстыя кірмашы і пасля святаў збірае на ўтылізацыю елкі і ўпрыгожанні арганічнага паходжання.

Еўрапейскім калядным горадам (гэта званне надаюць гарадам з насельніцтвам да 100 тысяч чалавек) у 2026 годзе стане Вельс (Аўстрыя), размешчаны ў перадгор'ях Альпаў. Вельс славіцца сваімі прагулкамі на карэтах, калядным парадам на плошчы Перхтэн, а таксама дэгустацыямі пунша і глінтвейну. Акрамя таго, у горадзе ладзяць спецыяльныя інтэрактыўныя зоны для дзяцей, дзе тыя могуць паўдзельнічаць у святочных прадстаўленнях.

Журы таксама абвясціла і калядную вёску 2026 года: ёй стала вёска Кіркоп на Мальце. Яна спадабалася журы за мясцовую згуртаваную супольнасць, прадстаўнікі якой развешваюць на вуліцах паселішча ўпрыгожанні з перапрацаваных матэрыялаў — гэтыя ўпрыгожанні распавядаюць пра мясцовыя фальклорныя традыцыі. А яшчэ ў Кіркопе існуе мноства калядных валанцёрскіх праектаў для пажылых людзей або людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Міжнароднае журы таксама прысудзіла спецыяльную ўзнагароду крошачнай вёсцы Вальдувіеко, гарадку з насельніцтвам у 32 чалавекі, размешчанаму ў іспанскай правінцыі Леон. У арганізацыі свята ўдзельнічаюць усе мясцовыя жыхары — самі майструюць ілюмінацыю і робяць цацкі.

Прэмія для гарадоў і вёсак з найлепшай каляднай атмасферай прызваная папулярызаваць разнастайнасць еўрапейскай культуры і разнастайных калядных традыцый. У склад журы, што абвясціла пераможцаў, увайшлі прадстаўнікі Міжнароднага кангрэса еўрапейскіх калядных гарадоў і фестываляў пры падтрымцы ЕС і Сеткі калядных гарадоў.

Апошнія навіны