«Ледзь ішлі, але не спыняліся»
- 27.12.2025, 18:36
Як украінскі сяржант утрымліваў пазіцыю 472 дні.
Украінскі вайсковец, сяржант Сяргей Цішчанка, правёў 472 дні запар на перадавой, большую частку гэтага часу — ва вільготным падземным бункеры пад пастаяннымі абстрэламі, без доступу да дзённага святла і свежага паветра. Пра гэта ён распавёў ужо пасля вяртання дадому пад Кіевам у інтэрв'ю The New York Times (пераклад — «УНІАН»).
— Я спадзяваўся, што гэта будзе месяц, максімум два. Я не чакаў, што гэта зацягнецца так надоўга, — прызнаўся вайсковец.
Сяргей Цішчанка — 46-гадовы ветэрынар, бацька пяці дзяцей, якога мабілізавалі ў лютым 2023 года. Ён служыў баявым медыкам, а ўлетку 2024 года быў пераведзены ў 30-ю брыгаду ў Данецкай вобласці. Працягласць новай ротацыі яму не паведамілі.
Спачатку ён чакаў стандартныя 30–40 дзён, аднак пасля атакі на пазіцыю ў верасні 2024 года, падчас якой загінулі яго пабрацімы і не прыбыло ніводнага падмацавання, стала зразумела: замены не будзе.
Расійскія войскі скідалі гранаты і слоікі, нашпігаваныя выбухоўкай, і нават дабраліся да краю акопу, які хаваў бункер.
— Мы ўсе спадзяваліся, спадзяваліся, і гэта ўсё цягнулася і цягнулася, — сказаў Цішчанка. Урэшце мы прымірыліся з тым, што нас могуць вывесці толькі тады, калі скончыцца вайна, бо не было каму нас замяніць.
З лютага 2025 года з-за ўзмацнення атак расійскіх дронаў вайскоўцы фактычна перасталі выходзіць з бункера. Маленькае акно давялося зачыніць, каб пазбегнуць выяўлення. Сонца яны не бачылі месяцамі, арыентуючыся ў часе толькі па гадзінніках і календарах у тэлефонах.
Забеспячэнне ажыццяўлялася дронамі — уначы скідалі ваду, кансервы і акумулятары. Часам запасаў не хапала.
Свет змяняўся — бункер заставаўся
Пакуль на фронце з’яўляліся паўночнакарэйскія вайскоўцы, Украіна атрымлівала F-16, змяняліся сусветныя лідары — ніводная з гэтых падзей не даходзіла да бункера. Радыёсувязь перадавала толькі інфармацыю пра роту, без агульнай карціны вайны.
Надзея на эвакуацыю з’явілася восенню, але першую спробу сарвала надвор’е. Толькі з другой спробы сяржант Цішчанка і яшчэ адзін вайсковец здолелі пакінуць пазіцыю. Ваяр успамінае:
— Нашы ногі былі, як вата. Мы ледзь ішлі, але не спыняліся.
Камандзір брыгады Дзмітрый Добуш прызнаў, што ротацыя была нетыпова доўгай, назваўшы вайскоўца сапраўдным патрыётам, але дадаў, што ва ўмовах інтэнсіўных баёў і недахопу людзей такія выпадкі, на жаль, здараюцца.
— На жаль, такія рэаліі цяперашняга этапу вайны, — прызнаў камандзір.
Калі Цішчанка і яго пабрацім нарэшце цалкам выбраліся, першае, што ён хацеў зрабіць, — памыцца і патэлефанаваць сваёй сям’і. Сапраўдная сустрэча адбылася пазней, у яго ўдома.