Фальш і цынізм
- Артэм Сініцын, «Салідарнасць»
- 27.12.2025, 15:59
Нясвяточныя разважанні аб адной афіцыёзнай акцыі.
Напярэдадні Новага года ў рамках афіцыёзнай акцыі «Нашы дзеці» чыноўнікі і людзі ў пагонах пачасталі наведваць дзіцячыя дамы, школы-інтэрнаты і бальніцы.
Да маленькіх пацыентаў адной з мінскіх дзіцячых клінік наведаўся дэсант з Следчага камітэта на чале з намеснікам старшыні ведамства Сяргеем Аземшам.
«Дзеці падрыхтавалі для гасцей навагодняе прадстаўленне з песнямі і танцамі», паведамляе правладная прэса, а генерал-маёр юстыцыі Аземша «ўручыў кожнаму дзіцяці падарункі і пажадаў усім моцнага здароўя».
А яшчэ ён пагутарыў з маленькімі пацыентамі і медперсаналам, «падкрэсліўшы важнасць падобных акцый для стварэння святочнай атмасферы і падтрымкі духу дзяцей, якія знаходзяцца на лячэнні».
Пытанне пра тое, чаму дзецям, што знаходзяцца на лячэнні, даводзіцца рыхтаваць «прадстаўленне з песнямі і танцамі», застаецца адкрытым. Як і тое, у чым, уласна, важнасць і неабходнасць візітаў у бальніцу старонніх дарослых. Бо святочную атмасферу могуць стварыць родныя і медперсанал.
Сёння куды больш важна тое, што ва многіх бальніцах, найперш у рэгіёнах, у невялікіх райцэнтрах, банальна не хапае тых самых урачоў і медсясцёр. З-за чаго ўсё часцей пад пагрозай закрыцця аказваюцца дзіцячыя аддзяленні.
Гэтую сітуацыю не выправіць казённымі ранішнікамі, нават калі адправіць у бальніцу з падарункамі хоць цэлага міністра юстыцыі або кіраўніка КДБ.
Да дзяцей прыйшлі чыноўнікі і сілавікі. Што з гэтага выйшла
І што самае цынічнае, усе гэтыя госці, у пагонах і без, якія распавядаюць пра «клопат дзяржавы пра дзяцей», у многім прычыніліся да нястачы кадраў у бальніцах.
Артэм Сініцын, «Салідарнасць»