BE RU EN

Зяленскі назваў выразныя «чырвоныя лініі» Украіны ў мірных перамовах

  • 27.12.2025, 15:28

Вядзецца праца над тым, каб было мінімум неўзгодненых пытанняў.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі назваў выразныя «чырвоныя лініі» для Украіны ў мірных перамовах перад сустрэчай прэзідэнтаў у ЗША. Паводле яго слоў, гэта тэрытарыяльныя пытанні, ЗАЭС і гарантыі бяспекі.

Як паведамляе РБК-Украіна, пра гэта Зяленскі заявіў, адказваючы на пытанні журналістаў.

Зяленскі адзначыў, што вядзецца праца над тым, каб было мінімум неўзгодненых пытанняў.

«Безумоўна, ёсць «чырвоныя лініі» для Украіны, і я ўпэўнены, што ёсць кампрамісныя прапановы амерыканцаў, мы іх ведаем, ну і, напэўна, у нашага ворага таксама ёсць свае мэты. Усе гэтыя пытанні вельмі адчувальныя. Гэта і тэрыторыі, і ЗАЭС. Вы ведаеце маё стаўленне — юрыдычна мы нічога прызнаваць не будзем ні пры якіх умовах. Калі будзе абнаўленне падыходаў, безумоўна, перад тым ці іншым рашэннем мы будзем камунікаваць з народам», — заявіў ён.

Паводле яго слоў, пытанне абмеркавання з грамадствам: гэта рэферэндум або тыя ці іншыя заканадаўчыя змены.

«Але самае галоўнае — гэта гарантыі бяспекі. Акрамя тэрытарыяльных пытанняў, ЗАЭС, ёсць гарантыі бяспекі, якія для нас вельмі важныя», — удакладніў ён.

Ці наблізілася Украіна да спынення агню і завяршэння вайны

Прэзідэнт Украіны падчас зносін з журналістамі нагадаў, што Украіна не пачынала гэтую вайну, гэта зрабіла — Расія.

«Па-другое, Украіна падтрымала прапанову прэзідэнта Трампа аб спыненні агню. Па-трэцяе, Украіна пайшла на шмат розных кампрамісаў, і гэта зафіксавана ў нашых дамоўленасцях, у рабочых дамоўленасцях, у нашым 20-пунктавым плане. Украіна ідзе на ўсё, на ўсё, што можа спыніць гэтую вайну. Гэта сведчыць пра тое, што для нас прыярытэт нумар адзін, або адзіны прыярытэт, — гэта завяршэнне вайны», — заявіў ён.

Украінскі лідар назваў мір прыярытэтам Украіны і падкрэсліў, што «мы павінны быць моцнымі за сталом перамоваў. А каб быць моцнымі, нам патрэбная падтрымка свету, Еўропы і Злучаных Штатаў Амерыкі».

«У гэтай вайне, вайне Расіі супраць Украіны, мы хочам міру, а Расія дэманструе жаданне працягваць вайну. І калі ўвесь свет, Еўропа і Амэрыка, будуць на нашым баку, мы ўсе разам спынім Пуціна. Бо ўсе мы разам будзем жадаць аднаго — завяршэння вайны, нармальнага міру, устойлівага міру, бяспечнага для ўсяго свету», — удакладніў ён.

Паводле яго слоў, калі ЗША або Еўропа будуць на баку Расіі, гэта азначае, што будзе працяг вайны.

«Тут няма іншых варыянтаў. Ёсць варыянт А — завяршэнне вайны як мага хутчэй, спыненне Расіі — або працяг вайны. І гэта рызыка для ўсіх краін свету, таму што Расія не спыніцца, нягледзячы на любыя дамовы, на любыя іх красамоўныя меседжы. Яны не спыняцца на Украіне», — дадаў ён.

Апошнія навіны