Трэць Кіева засталася без цяпла з-за атакі РФ
- 27.12.2025, 12:52
У сталіцы Украіны ўвялі экстрэнныя адключэнні святла.
У выніку камбінаванай атакі Расіі на Кіеў 27 снежня амаль трэць сталіцы засталася без цеплазабеспячэння.
Пра гэта паведамляе Telegram гарадскога галавы Кіева Віталя Клічко.
«У выніку атакі ворага цяпер без цеплазабеспячэння амаль трэць сталіцы.
Электрычнасці няма ў частцы раёнаў левага берага», — паведаміў Клічко.
Мэр адзначыў, што энергетыкі ўжо працуюць над аднаўленнем электразабеспячэння.
Нагадаем, у ноч на 27 снежня расійскія войскі нанеслі камбінаваны ўдар па Кіеву. У выніку абстрэлу ў некалькіх раёнах сталіцы ўзніклі пажары.
У прыватнасці, у Галасееўскім раёне падзенне беспілотніка выклікала ўзгаранне трох аўтамабіляў на тэрыторыі СТА. Пажар ужо ліквідаваны.
У Абалонскім раёне ў выніку атакі дронаў узнік пажар трохпавярховага прыватнага жылога дома. На месцы зафіксавана ўзгаранне даху і другога паверха.
У Дарніцкім раёне гараць некалькі прыватных дамоў. Ёсць пагроза распаўсюджання агню на дом састарэлых побач.
Таксама ў Дарніцкім раёне абломкі трапілі ў 24-павярховы дом. Гарыць на верхнім паверсе.
А ў Дняпроўскім раёне палае на ўзроўні чацвёртага паверха 18-павярховага дома.
Вядома пра 11 пацярпелых у сталіцы Украіны.
Акрамя таго, з-за варожай атакі ў Кіеве ўвялі экстрэнныя адключэнні святла.