«Генерал Хрэнін адчувае гэтую рызыку ўсім сваім арганізмам»
- Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі»
- 27.12.2025, 12:20
За саўдзел у рэшце рэшт можа чым-небудзь прыляцець.
Учора генерал Хрэнін сказаў, што НАТА яго палохае, але яму не страшна. Таму што ён баявы генерал, а не парасячы хвосцік. Просты салдат, які не ведае словаў кахання. (Хаця ўвогуле ён словы ведае).
Рубака-хлопец, сарвігалава, абаронца мінскай стэлы ад жанчын з кветкамі ў белым. Пасля таго, як генерал Хрэнін абараніў стэлу ад жанчын з кветкамі ў белым, генералу Хрэніну ўжо ніякае НАТА не страшна. Хаця палохае.
Бо ты ж у курсе — вакол ворагі. Польшча закладвае наступальныя мінныя палі і будуе пасіўна-агрэсіўныя абарончыя збудаванні. Балтыйскія краіны ўварваюцца ў асабістую генеральскую прастору рэгулярнымі вербальнымі інтэрвенцыямі.
Германія рыхтуецца да вайны з Расіяй. Што, пагадзіся, з боку Германіі цалкам абуральна. З боку Германіі было б міла не рыхтавацца ні да якой вайны з Расіяй, а мірна дачакацца, пакуль да яе дойдзе чарга. І, між іншым, генералу Хрэніну тады было б значна спакайней.
А Украіна дык увогуле ваюе ўжо чатыры гады. Хаця генерал Хрэнін і яго гарант асабіста шмат разоў раілі ёй капітуляваць. Бо самі б яны, вядома, такімі дурніцамі не займаліся. Самі б яны адразу капітулявалі. Магчыма нават падступна. То бок, без абвяшчэння вайны.
Бо ты ж разумееш, што беларускім генералам ваяваць нельга? Дык і генералы гэта разумеюць. Генералы ж не дурні. Яны строем ходзяць. Яны разумеюць, што вайна можа нанесці неадваротныя пашкоджанні генеральскім арганізмам.
Таму беларускія генералы вельмі мірлюбівыя. Беларускія генералы ні ў якой вайне не ўдзельнічаюць. Беларускія генералы ў вайне толькі саўдзельнічаюць. Затое з самага пачатку і вельмі разнастайнымі спосабамі.
Вось учора прэзідэнт Зяленскі сказаў, што беларускія генералы дазваляюць усталёўваць абсталяванне для кіравання «шахедамі», якія Расія запускае па Украіне, на дахі звычайных беларускіх жылых дамоў.
Дык я думаю, што прэзідэнт Зяленскі тут трошкі не мае рацыі. Я думаю, што беларускія генералы не дазваляюць усталёўваць абсталяванне для кіравання «шахедамі» на дахі жылых дамоў. Я думаю, што беларускія генералы здаюць гэтыя дахі ў арэнду.
Бо беларускія генералы і іх гарант не толькі вельмі мірлюбівыя. Яны яшчэ і не брыдзяцца. Таму для беларускіх генералаў у вайне галоўнае не ўдзел, а яе манетызацыя.
Праўда, заўсёды ёсць рызыка, што вялікім манетызатарам за саўдзел таксама можа ўрэшце чым-небудзь прыляцець. І, як я падазраю, генерал Хрэнін адчувае гэтую рызыку ўсім сваім генеральскім арганізмам. А інакш чаму генерал Хрэнін увесь час нікога не баіцца?
Тэлеграм-канал «Лісты да дачкі»