У Віцебскай вобласці перавярнуўся аўтобус «Брэст — Масква»
- 27.12.2025, 10:14
Адна пасажырка загінула, шасцёра атрымалі траўмы.
У ноч з 26 на 27 снежня ў Талачынскім раёне Віцебскай вобласці перавярнуўся аўтобус «Брэст — Масква». Адна пасажырка загінула, шасцёра атрымалі траўмы, піша «Зеркало».
Паводле даных МУС Беларусі, ДТЗ адбылося каля 2:40. Паводле папярэдніх звестак, аўтобус рухаўся з боку Мінска ў кірунку Расіі. У Талачынскім раёне 43-гадовы кіроўца не справіўся з кіраваннем, з’ехаў у кювет і перавярнуўся.
— У салоне знаходзіліся два кіроўцы і 12 пасажыраў. У выніку ДТЗ 53-гадовая жанчына загінула, шэсць чалавек шпіталізаваныя, — паведамляе МУС.
На месцы працавалі супрацоўнікі ДАІ, МНС і Следчага камітэта.
— Цяпер следчыя з прыцягненнем спецыялістаў УГКСЭ па Віцебскай вобласці і супрацоўнікаў ДАІ праводзяць агляд месца здарэння. Прычыны і абставіны ДТЗ высвятляюцца, — дадае СК.