Google нарэшце дазволіла змяняць адрас Gmail
- 27.12.2025, 5:51
Наваўвядзенне будуць укараняць паступова.
Кампанія Google рыхтуе адну з найбольш прыкметных змен у гісторыі Gmail: карыстальнікі ўпершыню змогуць змяніць адрас з даменам @gmail.com без страты даных і перапрывязкі ўліковага запісу, паведамляе сайт «9to5Google».
Зараз змяніць адрас Gmail фактычна немагчыма: карыстальнікам даводзіцца ствараць новы ўліковы запіс, наладжваць перасылку і мірыцца са стратай адзінай гісторыі. Аднак у абноўленай даведачнай дакументацыі Google апісаны новы механізм, які дазваляе выбраць новы адрас Gmail у межах ужо існуючага ўліковага запісу.
Згодна з апісаннем, карыстальнік зможа змяніць імя пашты, захаваўшы ўсе лісты, файлы, фатаграфіі, доступ да сэрвісаў Google і гісторыю ўліковага запісу. Пры гэтым стары адрас не знікне. Лісты будуць прыходзіць у тую ж паштовую скрыню, а ўваход у ўліковы запіс будзе магчымы як з новага, так і са старога адраса.
Наваўвядзенне будзе ўкараняцца паступова і спачатку стане даступным не ўсім. Google таксама ўводзіць строгія абмежаванні: змяняць адрас Gmail можна будзе не часцей як адзін раз на 12 месяцаў і не больш за тры разы за ўвесь час існавання ўліковага запісу. Пасля змены адрас нельга будзе выдаліць, а стварыць новы ўліковы запіс Gmail з ранейшым імем нельга будзе на працягу года.
Кампанія таксама папярэджвае, што ў асобных сэрвісах стары адрас можа адлюстроўвацца яшчэ пэўны час — напрыклад, у падзеях Google Calendar, створаных да змены. Пры гэтым стары адрас застанецца замацаваны за карыстальнікам і не зможа быць выкарыстаны кімсьці іншым.