Google вырашыў вывезці з Расіі ўсе свае серверы
- 26.12.2025, 19:09
Яны забяспечваюць дастаўку кантэнту Google і YouTube.
Амерыканская кампанія Google паведаміла расійскім правайдарам пра намер забраць свае серверы Dell R720, якія паскараюць дастаўку кантэнту для карыстальнікаў, паведамілі крыніцы РБК. Паводле іх слоў, гаворка ідзе пра абсталяванне, якое выкарыстоўваецца ў межах сістэмы Google Global Cache (GGC) для захоўвання відэа з YouTube, карт, абнаўленняў прыкладанняў на Android і браўзера Chrome, выяў з пошуку Google і інш. Кампанія спыніла ўсталёўваць такія серверы ў Расіі пасля пачатку вайны з Украінай.
У паведамленні гаворыцца, што вывад з эксплуатацыі плануецца пачаць 26 студзеня 2026 года, паколькі серверы Dell R720 «знятыя з вытворчасці і не маюць гарантыйнага тэрміну». Паводле дадзеных кампаніі, яны «апрацоўваюць мінімальны трафік». Пры гэтым астатнія машыны Google Global Cache, размешчаныя ў Расіі, «застануцца ў эксплуатацыі», падкрэсліваецца ў паведамленні. Адзін з правайдараў распавёў выданню, што ў ўдакладняльным лісце Google папрасіла адключыць і выняць са стойкі названыя серверы, а таксама паведаміць адрас, адкуль іх можна забраць. Паводле яго слоў, частку машын Dell R720 «ужо вывезлі» — гэтым займаецца еўрапейская кампанія MPK Asset Solutions, якая спецыялізуецца на кіраванні жыццёвым цыклам ІТ-абсталявання, у тым ліку на яго дэмантажы і ўтылізацыі.
Google спыніла камерцыйную дзейнасць і закрыла офіс у Расіі пасля ўварвання ва Украіну, пакінуўшы даступнымі толькі бясплатныя сэрвісы. Мясцовая юрасоба кампаніі — ТАА «Гугл» — была прызнаная банкрутам у кастрычніку 2023-га.
Пасля сыходу Google не мадэрнізавала серверы GGC у Расіі. Пазней гэты факт выкарыстаў Раскамнагляд, калі пачаў запавольваць YouTube летам 2024 года. Рэгулятар сцвярджаў, што зніжэнне хуткасці доступу да відэахостынгу адбываецца па віне Google, якая даўно не абнаўляла свае серверы ў краіне. У самой кампаніі гэта адмаўлялі, а пазней былы дэпутат Дзярждумы Аляксандр Хінштэйн, які ўзначальваў камітэт па інфармацыйнай палітыцы, прызнаў, што запаволенне YouTube было ініцыявана расійскімі ўладамі.
Пазней Раскамнагляд абвінаваціў відэахостынг у «шматлікіх парушэннях заканадаўства» і «няпавазе» да краіны. У снежні 2025 года намеснік старшыні камітэта Дзярждумы па інфармацыйнай палітыцы Андрэй Свінцоў сказаў, што YouTube цалкам заблакуюць у Расіі ў бліжэйшыя паўгода-год.