Расіяне трапілі ў катэл у Куп'янску
- 26.12.2025, 18:24
Сувязь з рэшткамі расійскага гарнізона ў горадзе фактычна страчана.
Куп'янск, які кіраўніцтва Расіі і Генштаб РФ раней публічна абвяшчалі поўнасцю захопленым, ператварыўся ў пастку для расійскіх войскаў. Становішча падраздзяленняў РФ у горадзе, паводле ацэнак, блізкае да крытычнага, піша «Диалог».
Пра гэта паведаміў вядомы ультраправы Z-блогер Alex Parker Returns, за псеўданімам якога, як лічыцца, хаваецца расійскі пісьменнік Уладзімір Ларчанкоў, які жыве ў Канадзе.
«У Куп'янску цяпер моцныя снегапады і маразы. Надвор'е перашкаджае актыўнаму выкарыстанню дронаў. Улічваючы, што наступаюць менавіта ўкраінцы, «генерал Мароз» гэтым разам на іх баку», — напісаў блогер.
Паводле яго слоў, сувязь з рэшткамі расійскага гарнізона ў горадзе фактычна страчана, а як мінімум некалькі рот Узброеных Сіл РФ апынуліся ў акружэнні.
Тое, што адбываецца, Alex Parker Returns ахарактарызаваў як «катастрофу». Ён сцвярджае, што на гэтым участку фронту ў расійскіх войскаў няма рэзерваў, а Генштаб, на яго думку, скажае рэальнае становішча спраў.
«Знакамітыя герасімаўскія прарывы некалькімі ротамі дзеля прыгожых справаздач наверх прывялі да таго, што ўкраінцы змаглі назапасіць ударны кулак, падцягнуць рэзервы і нанесці ўдар з заходняга флангу па нашай групоўцы. У выніку выступ быў зрэзаны аж да ракі Аскол, камунікацыі аказаліся разарваныя, а сітуацыю дадаткова ўскладнілі снегапады і дрэннае надвор'е. Усе размовы пра тое, што на месцах усё не так адназначна, — гэта толькі спроба прыкрыць катастрофу», — напісаў блогер.