«Майце на ўвазе — давядзецца падрацца»
- 26.12.2025, 10:50
На ёлкавым базары ў Мінску 25 снежня быў сур’ёзны ажыятаж.
Чым бліжэй Новы год, тым больш ажыятаж вакол ёлак. Так, сітуацыя на ёлкавым базары ў Мінску 25 снежня была няпростай, піша ў Threads карыстальніца yan__cheese. Па яе словах, тым, хто хоча здабыць сабе дрэва, трэба быць гатовым да выпрабаванняў, піша «Зеркало».
На відэа відаць узвышэнне накшталт сцэны, на якім стаяць ёлкі. Унізе вакол сцяпіліся людзі. Мужчыны, што стаяць на ўзвышэнні, дастаюць ёлкі і апускаюць уніз, да пакупнікоў. А далей усе імкнуцца ўхапіць сабе найпрыгажэйшае дрэва. Як удакладніла ў каментарыях аўтарка, наверсе былі не супрацоўнікі базару, а наведвальнікі, якія самі залезлі туды.
— Не, гэта не новая частка «Галодных гульняў» (шэраг антыўтопійных кніг і фільмаў паводле іх. — Заўв. рэд.) Гэта ёлкавы базар ад Мінскага лясгаса на Баграціёна, — напісала yan__cheese. — Калі збіраецеся па ёлку, то майце на ўвазе — давядзецца падрацца.
Менш чым за суткі публікацыя набрала амаль 39 тысяч праглядаў. Вось што пісалі людзі — высветлілася, такую карціну назірала не толькі аўтарка публікацыі.
«Сёння ўдзельнічала ў гэтых гульнях за ёлку, і адчуванне дэжа-вю не пакідала. Колькі дзён таму тое ж было і з білетамі ў лялечны [тэатр]».
«Бясплатна раздавалі? Ці яшчэ давалі па 50 рублёў? У чым прыкол?»
«Дык у кожным раёне ж ёсць нармальныя ёлкавыя базары. Нашто? Тым больш за такія лысыя палкі».
«Гэта вы яшчэ за цацкі не драліся».
«Была там сёння, купіла прыгожую ёлачку 1,5 м за 30 рублёў — без дракаў і чэргаў. Людзей хапае, разбіраюць добрыя даволі хутка, але спакойна, пастаянна падвозяць новых зялёных прыгажунь, галінак можна набраць колькі заўгодна бясплатна».
«Два гады там куплялі спакойна. Рэкамендацыі ў сацсетках зрабілі сваю справу».