BE RU EN

У Сомалі ўпершыню за паўстагоддзя праходзяць прамыя выбары

  • 25.12.2025, 22:37

Апошні раз прамыя выбары ў краіне праводзіліся ў 1969 годзе.

25 снежня жыхары Магадзіша, сталіцы Сомалі, прыйшлі на ўчасткі для галасавання на муніцыпальных выбарах. Гэта першыя прамыя выбары ў краіне за паўстагоддзя, перадае Reuters.

Апошні раз прамыя выбары ў Сомалі праводзіліся ў 1969 годзе — усяго за некалькі месяцаў да таго, як у выніку перавароту ўладу захапіў генерал Махамед Сіад Баррэ. Пасля яго звяржэння ў 1991 годзе пачалася грамадзянская вайна, і з 2004 года ў краіне выбары былі ўскоснымі.

З-за нестабільнасці і вайны была прынята складаная кланавая сістэма: старэйшыны кланаў выбіралі дэпутатаў, тыя абіралі прэзідэнта, а прэзідэнт прызначаў мэра Магадзіша. Крытыкі сцвярджаюць, што такая схема стварала глебу для карупцыі.

Цяпер жа жыхары сталіцы самі выбіраюць раённыя саветы, якія потым прызначаць мэра.

Галасаванне ў трохмільённым горадзе праходзіць ва ўмовах найстрогіх мер бяспекі. Улады перакрылі дарогі для транспарту, закрылі порт, аэрапорт і большасць прадпрыемстваў. Ахоўваць парадак на ўчастках вывелі каля 10 тысяч супрацоўнікаў сіл бяспекі.

Нынешняе галасаванне лічыцца «тэставым прагонам» перад агульнанацыянальнымі выбарамі, якія плануюць правесці ў 2026 годзе. Аднак апазіцыя выказвае занепакоенасць. Палітыкі сумняваюцца, што краіна дастаткова бяспечная для масавага галасавання, бо ісламісцкая групоўка «Аш-Шабаб» (звязаная з «Аль-Каідай») усё яшчэ кантралюе абшырныя сельскія тэрыторыі і рэгулярна здзяйсняе атакі.

Апошнія навіны