Зяленскі паведаміў пра «вельмі добрую размову» з Уіткофам і Кушнерам
- 25.12.2025, 21:29
Прэзідэнт Украіны назваў размову «крокам да міру».
Украінскі прэзідэнт Уладзімір Зяленскі правёў размову са спецпасланнікам амерыканскага лідара Стывам Уіткофам і зяцем Дональда Трампа Джарэдам Кушнерам. Пра гэта Зяленскі напісаў на сваёй старонцы ў Facebook.
«Сёння вельмі добра пагаварылі са спецыяльным прадстаўніком прэзідэнта Трампа Стывам Уіткофам і Джарэдам Кушнерам. Дзякую за канструктыў, інтэнсіўную працу і за добрыя словы і віншаванні ўкраінцам з Калядамі», — гаворыцца ў допісе.
Зяленскі выказаў надзею, што сённяшнія калядныя дамоўленасці і ідэі, якія абмеркавалі бакі, будуць карыснымі.
У размове ад Украіны таксама ўдзельнічалі:
сакратар РНБА Украіны Рустэм Умераў;
начальнік Генштаба Узброеных Сіл Украіны Андрэй Гнатаў;
міністр замежных спраў Украіны Андрый Сыбіга;
першы намеснік міністра замежных спраў Украіны Сяргей Кісліца;
намеснік кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Ігар Брусіла;
саветнік Офіса прэзідэнта Украіны Аляксандр Беўз.
Паводле слоў прэзідэнта, Умераў сёння яшчэ раз пагаворыць з Уіткофам і Кушнерам.
«Лічым, што гэта правільна — не губляць ніводнага дня і ніякіх магчымасцей, якія могуць наблізіць вынік. Няхай сённяшняя наша размова стане яшчэ адным крокам да міру», — сказаў Зяленскі.
Ён таксама перадаў віншаванні з Калядамі прэзідэнту ЗША Дональду Трампу і ўсёй сям'і Трампаў.