У Вялікабрытаніі хор «Песні для Украіны» выканаў «Шчадрык» падчас каляднага звароту караля Чарльза
- 25.12.2025, 20:26
Відэа.
Хор Songs for Ukraine (Песні для Украіны) разам з хорам Каралеўскай оперы Вялікабрытаніі выканаў Carol of the Bells — англамоўную версію легендарнай украінскай кампазіцыі Мікалая Леонтовіча «Шчадрык».
Выступленне адбылося 25 снежня ў Вестмінстэрскім абацтве і завяршыла сабой калядны зварот брытанскага караля Чарльза, паведамляе тэлеканал CNN.
Манарх у сваім звароце, у прыватнасці, разважаў пра жыццё як пра «супольнае падарожжа» і заклікаў людзей прыняць «мужнасць, прымірэнне і адзінства ў раздробленым і няпэўным свеце».
Калі кароль Чарльз казаў, што яму «даюць надзею гісторыі трыумфу мужнасці над няўзгодамі», на экране ў абацтве паказвалі кадры візіту яго роднай сястры, прынцэсы Ганны, ва Украіну ў верасні 2025 года. Тады ў Букінгемскім палацы паведамілі, што прынцэса пайшла на такі крок на просьбу МЗС Вялікабрытаніі — каб прыцягнуць увагу да ўкраінскіх дзяцей, якія пацярпелі ад расійскай агрэсіі.
«Напісаная самім Чарльзам, [калядная прамова — рэд.] гэта адна з нешматлікіх магчымасцяў, калі манарх не звяртаецца па параду да ўрада пры складанні тэксту і звычайна апіраецца галоўным чынам на рэлігійныя вучэнні, адлюстроўваючы пры гэтым актуальныя праблемы і пытанні», — падсумавалі ў CNN.