Хрысціяне ва ўсім свеце сустрэлі Раство
- 25.12.2025, 8:34
Свята адзначаюць католікі, уніяты, пратэстанты і большасць праваслаўных.
Сёння Раство адзначаюць католікі, уніяты, пратэстанты, а таксама Канстанцінопальская, Антыяхійская, Аляксандрыйская, Кіпрская, Балгарская, Румынская, Эладская, Украінская і некаторыя іншыя праваслаўныя цэрквы, якія жывуць паводле наваюліянскага календара.
Беларускі праваслаўны прыход Вільнюса, які адносіцца да Усяленскага Патрыярхату, таксама адзначае Раство паводле грыгарыянскага календара — 25 снежня, а не 7 студзеня.
Больш як у 145 краінах свету Раство Хрыстова — афіцыйнае дзяржаўнае свята і адзін з галоўных рэлігійных святаў у годзе.
Калядную службу ў саборы Святога Пятра ў Ватыкане ўпершыню правёў Папа Рымскі Леў XIV, паведамляе BBC.
Раней кіраўнік Рымска-каталіцкай царквы заклікаў з нагоды Божага Нараджэння «ўсталяваць ва ўсім свеце мір на 24 гадзіны», аднак ягоны заклік не быў пачуты. На гэтым тыдні пантыфік казаў, што яго «моцна засмуціла» адмова Расіі ад каляднага перамір'я ў вайне ва Украіне (у Маскве сцвярджалі, што хочуць сапраўднага міру і не маюць намеру даваць Кіеву час на перавзбраенне).
Падчас службы Леў гаварыў пра Раство як пра свята «веры, дабрачыннасці і надзеі» і крытыкаваў «скажоную эканоміку», якая «пагражае стаўленнем да людзей як да звычайнага тавару».
У калядную ноч ва Украіне, як звычайна, гучаць сірэны паветранай трывогі. Паветраныя сілы ЗСУ паведамілі, што ў напрамку Кіева рухаюцца беспілотнікі-камікадзэ.
Да гэтага ва ўкраінскіх цэрквах адбыліся калядныя набажэнствы. Украіна ўжо трэці год святкуе Раство 25 снежня.
Тым часам на фронце Раство святкуюць сотні тысяч украінцаў, якія ваююць у складзе ЗСУ.