На пошук карысных выкапняў у Беларусі выдзеляць велізарныя грошы
- 24.12.2025, 22:40
Рэжым мае намер «закапаць» мільёны рублёў.
У Беларусі зацвердзілі праграму «Нетры» на 2026–2030 гады. Яе апублікавалі на Нацыянальным прававым партале, заўважыў Office Life.
Дакумент распрацавалі з мэтай павышэння ўзроўню геалагічнай вывучанасці тэрыторыі і эфектыўнасці выкарыстання карысных выкапняў.
На рэалізацыю праграмы плануюць выдзеліць Br276 млн.
З іх Br273,3 млн — з рэспубліканскага бюджэту, 2,7 млн — з уласных сродкаў арганізацый.
На сёння ў Беларусі па прамысловых катэгорыях разведана каля 3,2 тыс. радовішчаў (іх частак) карысных выкапняў, у тым ліку падземных вод. З іх распрацоўваецца 63%.
За папярэднія пяць гадоў у краіне ў асноўным забяспечаны прырост запасаў карысных выкапняў на ўзроўні вышэй за прагнозны.
Атрымалася сфарміраваць мінеральна-сыравінную базу, якой хопіць для забеспячэння ўнутраных патрэб. У тым ліку ў торфе, нафце, каменнай солі, калійных і даламітавых угнаеннях, будаўнічых матэрыялах, прэсных і мінеральных падземных водах.
Пры гэтым большасць найбольш рэнтабельных для распрацоўкі радовішчаў ужо адкрыта і добра вывучана. Шукаць новыя віды карысных выкапняў становіцца ўсё складаней, на гэта патрабуецца больш грошай.