BE RU EN

У Беларусь ідуць калядныя завеі

  • 24.12.2025, 16:10

А месцамі выгляне снежаньскае сонца.

Некаторым беларусам сёлета, магчыма, пашанцуе сустрэць Раство са снегам і сапраўднай зімовай атмасферай. Па крайняй меры, на гэта ўказваюць аператыўныя прагнозы сіноптыкаў. Яны паабяцалі нам калядныя завеі з маразамі да -13°С. Але месцамі ўсю гэтую зімовую казку на вялікія выхадныя падсвеціць і прыемнае снежаньскае сонейка.

Пакуль тэрыторыя Беларусі застаецца на перыферыі скандынаўскага антыцыклону, таму месцамі трымаецца ладны дзесяціградусны маразец. Паводле аператыўнага прагнозу Белгідрамета, марознае надвор'е чакае беларусаў і на Раство, якое каталікі і большасць пратэстантаў будуць адзначаць ужо заўтра, 25 снежня.

Ужо ў другой палове дня, паводле разлікаў спецыялістаў, Беларусь апынецца пад уплывам малаактыўнага франтальнага раздзелу, што зрушаецца з Балтыйскага мора. Менавіта ён прынясе з сабой калядныя завеі (хоць і слабыя).

Снег дастанецца найперш паўночна-ўсходнім раёнам краіны, а вось астатнія «прыгажосці» надвор'я — галалёдзіца і моцны парывісты вецер — чакаюцца паўсюдна. З-за ўзмацнення ветру, парывы якога могуць дасягаць 15-20 м/с, да вечара 25 снежня Белгідрамет абвясціў па ўсёй краіне жоўты ўзровень небяспекі.

Апошнія навіны