Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі: «Не бойцеся»
- 24.12.2025, 15:33
Каляднае пасланне вернікам Беларусі.
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі у калядным пастырскім пасланні да вернікаў Беларусі заклікаў: «Не бойцеся» і нагадаў, што Нараджэнне Хрыста — знак надзеі, міру і свабоды, піша Catholic.by.
Пастырскае пасланне
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага
Арцыбіскупа Юзафа Станеўскага
Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
на Урачыстасць Божага Нараджэння 2025
«Абвяшчаю вам вялікую радасць:
сёння нарадзіўся вам Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан»
(пар. Лк 2, 10-11)
Дарагія браты і сёстры!
«Не бойцеся, я абвяшчаю вам вялікую радасць, якая будзе для ўсяго народу, бо нарадзіўся вам сёння ў горадзе Давіда Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан» (Лк 2,10-11). Гэта была радасная вестка, якая адганяла ўсялякі страх і трывогу, а крыніцай гэтай радаснай весткі з'яўляецца нараджэнне Езуса Хрыста. Сёння ў Каталіцкім Касцёле мы адзначаем гэтае вялікае свята — урачыстасць Нараджэння Пана. Людзі даўно чакалі Месію, уся надзея ізраэльцян была сканцэнтравана на гэтым чаканні. Аднак ніхто не ведаў, якім Ён з'явіцца. Некаторыя ўяўлялі, што Месія прыедзе як воін на кані, або выйдзе з пустыні як вялікі прарок ці з’явіцца як кароль. Чаканне Месіі працягваецца і па сённяшні дзень, бо не ўсе прынялі гэтую радасную вестку і паверылі, што нарэшце нарадзіўся Збаўца.
Святы Ян Павел ІІ сказаў пра сённяшнюю ўрачыстасць цудоўныя словы: «У гэтую святую ноч спаўняецца старадаўняе абяцанне. Час чакання скончыўся, і Панна Марыя нараджае свету Месію. Езус нараджаецца для чалавецтва, якое шукае свабоды і спакою. Ён нараджаецца для кожнага чалавека, які пакутуе ад граху, які прагне збаўлення і надзеі. Немаўлятка, якое ляжыць у бедных ясельках — гэта Божы знак. Праходзяць стагоддзі і тысячагоддзі, але гэты знак застаецца і прамаўляе таксама да нас, мужчын і жанчын трэцяга тысячагоддзя. Гэта знак надзеі для ўсёй чалавечай сям'і; знак міру для тых, хто пакутуе ад розных канфліктаў; знак свабоды для бедных і прыгнечаных; знак міласэрнасці для тых, хто трапіў у заганнае кола граху; знак любові і суцяшэння для кожнага, хто адчувае сябе адзінокім і пакінутым. Гэта маленькі і далікатны знак, пакорны і ціхі, але багаты ў моц Бога, які з любові стаўся чалавекам».
Браты і сёстры. Хрыстус уваходзіць у нашу рэальнасць, каб перамяніць яе, каб мы адчулі паўнату нашага паклікання, бо мы запрошаны, каб стацца дзецьмі Божымі. А гэта можа адбыцца толькі дзякуючы Хрысту, Яго ўцелаўленню, а таксама таму, што гэта сам Бог першым пачынае клопат пра нашае збаўленне.
Чалавеку, які будуе сваё шчасце, сваю мэту жыцця толькі на чалавечым вымярэнні, Бог прапануе боскае вымярэнне, і Езус — цэнтральная фігура ўсёй гісторыі чалавецтва і гісторыі збаўлення.
Ад сённяшняга дня мы можам ускладаць сваю надзею на Божае Дзіцятка, якое нарадзілася «для нас». Прароцтва Ісаі сёння спраўджваецца і напаўняе ўсіх радасцю, якой свет ніколі раней не ведаў.
Наша хрысціянская вера грунтуецца на гістарычных фактах. Бог з'явіўся ў канкрэтным месцы, у канкрэтнай сям'і, як дзіцятка, якому неабходны клапатлівы догляд, як чалавек, які залежыць ад дапамогі іншых людзей. Такім чынам, Бог пранізвае нашы адносіны сваёю сілай — любоўю, спачуваннем, дапамогай, але часта і залежнасцю, каб зрабіць іх новымі. Гэта таксама праява чуласці Пана Бога, што Ён — неабсяжны, бязмежны — прымае меру чалавека, каб не прыгнятаць нас сваёй веліччу, але дастасавацца да нашага ўспрымання Яго і распачаць шлях нашага ўнутранага развіцця.
У словах анёла гэтае Дзіця пазначана трыма тытуламі: Збаўца, Месія і Пан. Тытул Збаўца, які ў Старым Запавеце прызначаны толькі самому Богу, падкрэслівае, што Езус, заўсёды дзейнічаючы ў імя Бога, прынясе людзям збаўленне і сапраўднае жыццё. Тытул Месія азначае «намашчаны, кансэкраваны», ён нагадвае нам, што ў Езусе спраўджваюцца старазапаветныя прароцтвы, Божыя абяцанні і надзеі Ізраэля, што Ён — «чаканы» спрадвеку. Тытул Пан указвае на Яго цесную сувязь з Богам, азначае, што ў Ім Сам Бог стаіць побач з людзьмі і праяўляецца да іх сваю міласэрнасць. Святы Павел цудоўна выказвае гэтую праўду ў Пасланні да Ціта: «З’явілася ласка Божая, збаўчая для ўсіх людзей» (Ціт 2, 11). Нараджэнне Езуса Хрыста — гэта вырашальная падзея ў гісторыі, якая назаўсёды змяніла яе ход; гэта Евангелле, Добрая Вестка пра збаўленне, самая цудоўная з усіх добрых вестак.
Мае дарагія, падзею ў Бэтлееме належыць разважаць у святле падзеі Пасхальнай таямніцы: абедзве падзеі з'яўляюцца часткай збаўчай справы Хрыста. Уцелаўленне і нараджэнне Езуса заахвочваюць нас скіраваць позірк на Яго смерць і ўваскрасенне. І Божае Нараджэнне, і Вялікдзень — гэта святы збаўлення. Пасха святкуе гэтую падзею як перамогу над грахом і смерцю: вызначае фінальны момант, калі хвала Бога-Чалавека яснее, як святло дня. Божае Нараджэнне святкуе падзею ўваходжання Бога ў гісторыю, які становіцца чалавекам, каб прывесці чалавека да Бога, вызначае, можна сказаць, пачатковы момант, калі ледзь бачны пробліск заранкі. Але гэтак жа, як заранка папярэднічае і ўжо абвяшчае святло дня, так і Божае Нараджэнне ўжо абвяшчае крыж і хвалу ўваскрасення. Айцы Касцёла ніколі не аддзялялі нараджэнне Хрыста ад усёй справы збаўлення, якая дасягае сваёй вяршыні ў Пасхальнай таямніцы. Уцелаўленне Божага Сына з'яўляецца не толькі пачаткам і ўмовай збаўлення, але і самой прысутнасцю таямніцы нашага збаўлення: Бог становіцца чалавекам, нараджаецца як дзіця так, як і мы, прымае цела чалавека, каб перамагчы смерць і грэх. Святы Базыль заахвочваў: «Мы святкуем збаўленне свету, нараджэнне роду людскога. Сёння грэх Адама быў прабачаны. Адгэтуль мы больш не будзем казаць: “ты пыл і ў пыл вернешся” (Быц 3, 19), але будзем казаць: злучаны з Тым, Хто зышоў з Неба, ты будзеш мець доступ да Неба» (з Гаміліі на Божае Нараджэнне, 6).
Святы Божага Нараджэння, па традыцыі, папярэджваюць Адвэнт — перыяд падрыхтоўкі да прыйсця Дзіцяткі Езуса.
Дзякуй усім, асабліва дзецям і моладзі, старэйшым асобам, хто, нягледзячы на ранні час, стараўся ўдзельнічаць у раратах, рэкалекцыях, выконваць учынкі міласэрнасці, чакаючы нашага Збаўцы. Такім чынам мы стараліся правесці гэты час у чуванні, каб прычакаць нашага Пана.
А ў тыя часы там, у Бэтлееме, ніхто не чакаў нараджэння Месіі, таму нараджэнне Езуса для ўсіх было здзіўленнем. Адзіныя, хто быў падрыхтаваны да гэтай гістарычнай і выключнай падзеі, — гэта анёлы, бо яны ведалі таямніцу прыйсця Сына Божага на зямлю. А ўсе іншыя людзі, пачынаючы ад пастушкоў, знаходзіліся ў здзіўленні і збянтэжанасці, нават мудрацы. Для Ірада нараджэнне Езуса было вялікім ударам і неспакоем. Для некаторых людзей з’яўленне Хрыста тут на зямлі зусім не з’яўлялася Добрай Навіной, але нечым небяспечным, неверагодным і нават жахлівым.
Гэтыя адносіны да з’яўлення Слова Божага, якое «сталася целам і пасялілася між намі», нагадвае Пралог Евангелля паводле святога Яна: Слова было ў свеце, «і свет праз Яго стаўся, і свет не пазнаў Яго. Да сваіх прыйшло, і свае Яго не прынялі. А тым, якія прынялі Яго, дало ўладу стаць Божымі дзецьмі, што вераць у імя Ягонае» (Ян 1, 10-12).
Святы Божага Нараджэння нагадваюць хрысціянам пра радасную таямніцу прыйсця Збаўцы ў свет, але яны таксама даюць асаблівую магчымасць для больш глыбокага разважання пра духоўны аспект жыцця. У гэтыя святочныя дні нашы думкі звяртаюцца да праўды веры, якая вучыць нас, што Сын Божы стаў чалавекам, што Спрадвечнае Слова сталася целам. Духоўная атмасфера, якая выпраменьваецца з Бэтлеема, вельмі натхняе ўсіх вернікаў і з'яўляецца невычэрпнай крыніцай хрысціянскай радасці і надзеі. Дзякуючы ласцы веры мы спазналі, што Езус, народжаны з Дзевы Марыі, — гэта наш Збаўца.
У святочны перыяд мы бачым, як нашмат больш вернікаў прыходзіць у касцёл. Хочацца, каб у гэты час нашы сэрцы былі напоўнены дарам Хрыстовай любові. Спадзяюся, што святы Божага Нараджэння будуць не толькі днямі адпачынку, але, перш за ўсё, благаслаўлёным часам, які мы прысвяцім праслаўленню Езуса Хрыста, народжанага ў Бэтлееме. Няхай клопат пра падзяку і праслаўленне Найсвяцейшай Тройцы за гэты каштоўны нябесны дар, які мы атрымалі ў асобе Сына Божага, будзе для нас найвышэйшай каштоўнасцю. У гэты святочны час радуймася Богу, але ў той жа час паспрабуем паразважаць над тым, як мы выконваем сваё пакліканне. Ці сваё жыццё мы грунтуем выключна на аб'яўленай праўдзе Божай і вучэнні Касцёла? Ці мы часам не шукаем таго, што з’яўляецца ілюзіяй праўды і дае нам такое ж ілюзорнае шчасце? Толькі народжаны Збаўца, прысутны ў Эўхарыстыі, з'яўляецца крыніцай Міласэрнасці для свету і адзіным даўцом спакою і збаўлення для чалавецтва. «Спакой пакідаю вам, спакой Мой даю вам. Не так, як дае вам свет, Я вам даю» (Ян 14, 27). Спакой запануе на ўсёй зямлі, калі свет прыме Божую Любоў і Міласэрнасць. Бог, які з любові да нас паслаў свайго Сына, цярпліва чакае, пакуль мы адкрыем Яму свае сэрцы і звернемся да Яго «Ойча», звернемся да Яго слова, каб пачуць Яго мудрасць і волю.
Нам, безумоўна, трэба пастаянна вяртацца і навяртацца да Божага Слова, якое ўцелавілася і ўцелаўляецца ў нашым жыцці. Прайшло толькі 35 гадоў з моманту адраджэння касцёльных структур на Беларусі, але гэты кароткі час дадзены нам, каб у поўні адрадзілася і захавалася вера і традыцыі. І сёння вельмі важным нашым заданнем з’яўляецца не толькі асабістае навяртанне і паглыбленне нашай веры, але і клопат аб захаванні таго, што перадалі нам нашыя продкі: традыцыі вігілійнай вячэры, дзялення аплаткай, спявання калядак, — каб перадаваць гэтыя звычаі дзецям і ўнукам. Аднак памятайма, што святкаванне Божага Нараджэння вынікае не з традыцыі, а з нашага асабістага адчування і перажывання, бо Хрыстус нараджаецца ў нашай душы менавіта ў той момант, калі мы Яго прымаем. І тады гэтае свята набывае новае вымярэнне, афарбоўвае наша жыццё іншымі колерамі, нясе спакой і радасць ад таго, што яно і ёсць Добрая Вестка.
Дарагія браты і сёстры! Божае Нараджэнне з’яўляецца для нас знакам абароны жыцця. І сёння хочацца сказаць вялікі дзякуй усім тым людзям, супольнасцям, арганізацыям, якія абараняюць жыццё з самага пачатку яго існавання.
Дзякуй вялікі ўсім тым вернікам, якія ў свята Звеставання Найсвяцейшай Панне Марыі шмат гадоў запар далучаюцца да акцыі духоўнага ўсынаўлення, што праводзіцца ў дыяцэзіях, і на працягу дзевяці месяцаў моляцца за дзяцей, якім пагражае небяспека смерці ад іх бацькоў. Дзякуй вялікі ўсім шматдзетным сем’ям, якія прымаюць кожнае дзіцятка як дар Божага Провіду, а таксама тым сужэнцам, якія сталі прыёмнымі бацькамі для сіротаў і пакінутых дзетак. Няхай усім вам шчодра аддзячыць Дзіцятка Езус.
Папа Леў XIV сказаў: «Калі мы знаходзімся ў Божай любові, сам Пан жыве ў нас, і нашае жыццё становіцца Яго святыняй. Гэтая любоў азарае нас знутры, перамяняе нашы думкі і рашэнні, а затым праліваецца на іншых, асвячаючы ўсе аспекты жыцця. Прабыванне Бога ўнутры нас — гэта і ёсць дар Духа Святога. Ён бярэ нас за руку, дазваляючы адчуць сваю прысутнасць і блізкасць нават у самых штодзённых справах, робячы кожнага сваім прыстанкам» (з аўдыенцыі 25.05.2025 г.)
Мае дарагія! Давайце сёння, у свята Божага Нараджэння, скажам: «Прытулі мяне, Езу, ахвярую Табе ўсё маё жыццё, трымай мяне ў сваім Сэрцы. Езу, я давяраю Табе». Можа, мы яшчэ не можам зразумець усяе глыбіні гэтага цуду, гэтай таямніцы, але галоўнае, каб мы прынялі нашага Бога з любоўю. Ён хоча быць побач з кожным з нас не толькі сёння, у свята Божага Нараджэння, але заўсёды — у добрыя і дрэнныя дні, у здароўі і хваробе, у радасці і цярпенні, калі мы нараджаемся і калі паміраем. І няхай Святая Багародзіца Марыя, якая заўсёды была з Езусам, дапамагае і нам быць з Ім і ніколі не аддаляцца ад Яго.
На святкаванне Божага Нараджэння, на духоўнае аднаўленне кожнага з нас ад шчырага сэрца благаслаўляю: у імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.
✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі
Мінск, 23 снежня 2025 года
Ва ўспамін святога Яна Кенцкага, прэзбітэра.