«Кажуць, такое ўпершыню за 40 гадоў»
- 24.12.2025, 13:46
Шмат якія беларусы незадаволеныя навагоднімі падарункамі ад прадпрыемстваў.
Работнікі дзяржаўных прадпрыемстваў Гомельскай вобласці дзяляцца ў сацсетках відэа з распакоўкай падарункаў да Калядаў і Новага года. Карыстальнікі TikTok здзівіліся роліку гамяльчанкі Кацярыны Сулягінай, якая паказала падарунак ад камунальнага прадпрыемства «Сельмашэўскае», піша «Флагшток».
Аўтарка прадэманстравала не толькі кілаграм цукерак у прыгожай упакоўцы, але і цэлы прадуктовы набор: каўбасы, чырвоная рыба, курыца, сыр, чай, кава, масліны, кукуруза, гарох, шпроты, селядзец.
Як сцвярджае аўтарка, усё гэта падарылі работнікам КРЖЭУП «Сельмашэўскае», пры гэтым у каментарах адзначае: «Кажуць, такое ўпершыню за 40 гадоў».
Відэа з распакоўкай на непапулярным канале маладой гамяльчанкі набрала палову мільёна праглядаў і больш за тысячу каментарыяў карыстальнікаў з розных краін. Большасць здзівілася багатаму падарунку, а многія не паверылі ў такую шчодрасць прадпрыемства. Некаторыя напісалі, якія ім дасталіся падарункі:
«Нам далі грашыма, і за іх мы можам купіць толькі батон каўбасы».
«А нам толькі па 700 грамаў цукерак, і тое чамусьці расійскіх, быццам у нас не выпускаюць сваіх цукерак».
У іншым відэа карыстальнік прадэманстраваў падарунак работнікам Гомельскага хімзавода: гэта сертыфікаты на пакупкі ў краме «Суседзі» на агульную суму 330 рублёў.
А работнікі Беларускага металургічнага завода ў Жлобіне масава скардзяцца на падарункі. Паводле іх слоў, на прадпрыемстве выдалі толькі цукеркі, прычым вельмі нясмачныя.
«Горшых цукерак яшчэ не было. Нават шакаладку здолелі даць з начынкай, якую многія не ядуць», — адзначыў адзін з работнікаў.