У «Беларуськалія» новыя праблемы
- 24.12.2025, 10:04
Кампанія не здолела прадаць дачорнюю кампанію і цяпер ініцыюе яе банкруцтва.
Не здолеўшы прадаць сваю 55-працэнтную долю ў кампаніі-пастаўшчыку сельскагаспадарчай тэхнікі «Еўрапейскае аграрнае агенцтва» (ЕАА), «Беларуськалій» падаў заяву аб яе банкруцтве.
Як звярнуў увагу партал «Белорусы и рынок», суд Мінска ў адказ на заяву «прыйшоў да высновы аб наяўнасці дастатковых падстаў для прыняцця заявы, узбуджэння вытворчасці па справе аб банкруцтве і ўстанаўлення ў дачыненні да даўжніка ахоўнага перыяду».
«Беларуськалій» у выніку хоча любым спосабам спагнаць з ЕАА звыш 220 тыс. рублёў доўгу і 2,4 млн рублёў страт.
ЕАА – гэта сумеснае прадпрыемства «Беларуськалій-агра» (55%) і эстонскай кампаніі European Agricultural Agency (45%), якую кантралюе беларускі бізнесмен Аляксандр Багачэнка. У сярэдзіне 2010-х яны аб’ядналіся, каб прадаваць на беларускім і іншых постсавецкіх рынках сельскагаспадарчую тэхніку. Багачэнка таксама валодае ўласным медыя-рэсурсам - парталам AgroNews.
У маі 2024 года беларускае ЕАА дапусціла дэфолт па сваіх аблігацыях. А ў снежні таго года Міністэрства фінансаў Беларусі і ўвогуле прыпыніла размяшчэнне і абарачэнне ўсіх аблігацый гэтага эмітэнта. «Беларуськалій-агра» напрыканцы 2024-га паспрабавала выставіць на продаж сваю долю ў ЕАА, але пакупнікоў не знайшлося.