BE RU EN

Bloomberg: Польшча дамагаецца поўнапраўнага членства ў G20

  • 23.12.2025, 21:47

Суседка Беларусі ўжо атрымала запрашэнне ад прэзідэнта ЗША узяць удзел у саміце ў 2026 годзе.

Польшча імкнецца стаць пастаянным членам «Вялікай дваццаткі» (G20), каб прадстаўляць у ёй Усходнюю Еўропу, якая развіваецца. Пра гэта піша выданне Bloomberg са спасылкай на міністра фінансаў Польшчы Анджэя Даманьскага.

«Мэта Польшчы — заняць месца за сталом у якасці поўнапраўнага члена G-20. Мы хочам быць голасам нашай часткі Еўропы», — сказаў Даманьскі.

Паводле яго слоў, Польшча хоча прадстаўляць у G20 Усходнюю Еўропу, якая дынамічна развіваецца, дзе «імкліва расце ўзровень жыцця».

Выданне адзначае, што краіна ўжо атрымала запрашэнне ад прэзідэнта ЗША Дональда Трампа узяць удзел у саміце ў 2026 годзе. Пакуль незразумела, якая будзе роля Польшчы на ім, аднак Даманьскі лічыць, што ў краіны «ёсць усе шанцы» стаць часткай «дваццаткі», паколькі яе эканоміка ўваходзіць у лік 20 найбуйнейшых эканомік свету, а ВУП на душу насельніцтва (з улікам парытэту пакупніцкай здольнасці) вышэйшы, чым у Японіі.

Паводле Даманьскага, Польшча можа прынесці ў G-20 досвед краіны, якая апошнім часам перажыла «каласальныя пераўтварэнні».

Апошнія навіны