Навукоўцы: татуіроўкі ўплываюць на працу імуннай сістэмы
- 23.12.2025, 21:26
Пігменты татуіровак мігруюць па арганізме.
Пігменты татуіровак не застаюцца ў скуры, а мігруюць па арганізме і назапашваюцца ў лімфатычных вузлах, уплываючы на працу імуннай сістэмы. Гэта паказала даследаванне на мышах, апублікаванае ў часопісе Proceedings of the National Academy of Sciences (PNAS).
Праца ставіць пад сумнеў уяўленне пра тату як пра выключна лакальнае ўмяшанне. Даследчыкі паказалі, што нерастваральныя часціцы чарнілаў пасля нанясення накіроўваюцца ў лімфатычную сістэму і затрымліваюцца ў вузлах, дзе ўзаемадзейнічаюць з імуннымі клеткамі.
Эксперыменты праводзілі на мышах: жывёлам наносілі татуіроўкі чорнымі, чырвонымі і зялёнымі чарніламі на падушачкі лап. З дапамогай высокачуллівай мікраскапіі навукоўцы адсочылі шлях пігментаў і выявілі, што частка часціц ужо ў першыя гадзіны трапляла ў бліжэйшыя лімфатычныя вузлы. Там іх паглыналі макрафагі — клеткі, што адыгрываюць ключавую ролю ў запуску імуннага адказу.
Праз суткі пасля татуювання колькасць макрафагаў у лімфатычных вузлах рэзка змяншалася, што сведчыць пра гібель часткі клетак пасля кантакту з чарніламі. Пры гэтым самі пігменты захоўваліся ў вузлах як мінімум два месяцы. Іх уплыў на імунітэт аказаўся неадназначным і залежаў ад сітуацыі.
Пры ўвядзенні мРНК-вакцыны супраць COVID-19 у вобласць тату імунны адказ — выпрацоўка антыцелаў — аслабляўся. У той жа час пры выкарыстанні інактываванай вакцыны супраць грыпу лакальнае запаленне на фоне гібелі макрафагаў, наадварот, узмацняла імунную рэакцыю.
Аўтары падкрэсліваюць, што пераносіць гэтыя вынікі наўпрост на людзей пакуль рана. Аднак яны раяць не рабіць прышчэпкі непасрэдна ў вобласці тату і ў цэлым ставіцца да іх больш асцярожна, бо доўгатэрміновы ўплыў татуіровачных пігментаў на імунную сістэму застаецца мала даследаваным.