BE RU EN

Намесніка старшыні БАЖ Гарэцкага адхілілі ад пасады

  • 23.12.2025, 21:12

На год.

Дзеянні намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага маглі быць успрыняты як двухсэнсоўныя і інтэрпрэтаваныя як харасмент, у сувязі з чым яго адхілілі ад пасады да жніўня наступнага года. Такое рашэнне прыняло праўленне Беларускай асацыяцыі журналістаў, паведамляе арганізацыя.

Па выніках разбіральніцтва і з улікам заключэння знешняй эксперткі Праўленне БАЖ прыняло рашэнне:

прызнаць, што дзеянні намесніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыса Гарэцкага маглі быць успрыняты як двухсэнсоўныя і вытлумачаныя як харасмент;

вынесці Гарэцкаму папярэджанне аб недапушчальнасці падобных паводзінаў у будучыні;

прыняць дысцыплінарныя меры ў выглядзе адхілення Гарэцкага ад выканання прадстаўнічых і кіраўнічых функцый на тэрмін 12 месяцаў. Гэты тэрмін уключае адхіленне Гарэцкага ад выканання гэтых функцый з моманту прыняцця рашэння аб пачатку расследавання ў дачыненні да яго (з 14 жніўня 2025 года);

працягваць маніторынг прафесійных адносінаў/паводзінаў Гарэцкага да канца гэтага тэрміну (13 жніўня 2026 года);

прыняць дадатковыя абмежавальныя меры ў дачыненні да Гарэцкага з мэтай прадухілення падобных сітуацый;

абавязаць яго ажыццяўляць дзелавыя кантакты толькі ў працоўны час або на працоўным месцы, альбо выкарыстоўваючы зацверджаныя каналы дзелавай камунікацыі;

абавязаць Гарэцкага прайсці навучанне па пытаннях недапушчэння харасменту і парушэнняў асабістых межаў у прафесійнай дзейнасці;

працягнуць распрацоўку комплекснай гендарнай палітыкі БАЖ, а таксама плана яе рэалізацыі, ажыццяўлення, маніторынгу і ацэнкі;

у межах гендарнай палітыкі прыняць рэгламент аб разглядзе і рэагаванні на скаргі аб дамаганнях;

узяць да ведама распрацаваны эксперткай чэк-ліст (кантрольны спіс) па рэагаванні на выпадкі харасменту;

прыцягваць для ацэнкі атрыманай інфармацыі незалежных экспертаў. Забяспечыць баланс паміж празрыстасцю ў працы па прадухіленні харасменту і абаронай персанальных даных;

арганізаваць правядзенне інструктажу для ўсіх супрацоўнікаў БАЖ па прадухіленні харасменту. Праводзіць такі інструктаж штогод;

урахоўваючы высокую грамадскую значнасць праблемы гендарнага гвалту і дамаганняў на працоўным месцы, працягваць рэгулярна інфармаваць грамадзянскую супольнасць і сродкі масавай інфармацыі аб рэалізацыі гендарнай палітыкі ў БАЖ.

Апошнія навіны