BE RU EN

«Карпаратыву не было, але выплацілі прэмію — $165»

  • 23.12.2025, 16:17

Беларусы, якія працуюць у Польшчы, распавялі, што ім падарылі на працы да Калядаў.

У сацсетках супрацоўнікі беларускіх прадпрыемстваў актыўна дзеляцца «распакаваннямі» падарункаў, якія атрымалі на працы. MOST спытаў беларусаў, якія працуюць у Польшчы, што да Калядаў і Новага года ім падарылі кампаніі.

Балы замест аднолькавых падарункаў

Анастасія працуе ў буйной вытворчай кампаніі, у якой у Польшчы некалькі тысяч супрацоўнікаў.

— Раней дарылі, напрыклад, дарагі шакалад ручной працы або кніжныя абанементы. Цяпер перайшлі на сістэму бонусных балаў, — распавядае яна.

Супрацоўнікам налічваюць балы на спецыяльнай унутранай платформе, дзе пазначаныя і магчымыя спосабы патраціць назапашанае. Паводле слоў Анастасіі, 100 балаў роўныя 100 злотым. Можна згенераваць код і патраціць балы на пакупкі, напрыклад на сайтах Allegro, Empik, Biedronka, або выбраць нешта з паслуг.

— Людзям гэта падабаецца больш, чым аднолькавыя падарункі для ўсіх, — кажа беларуска. — Але кампанія ў нас вельмі вялікая, таму кожны аддзел вырашае па-свойму. Бываюць розныя майстар-класы, мерапрыемствы.

Асобныя падарункі выдаюць дзецям супрацоўнікаў. Гэта таксама бонусныя балы. На адно дзіця — больш за 100 злотых, бацькі самі вырашаюць, што купіць дзецям на гэтыя грошы.

«Як індыйскае вяселле — некалькі дзён запар»

Аглая (імя зменена) працуе ў варшаўскім офісе буйной ІТ-кампаніі. Назву яна просіць не ўказваць, але апісвае яе як міжнародную структуру з вялікім офісам і развітай карпаратыўнай культурай.

— У нас гэта (святы. — Рэд.) выглядала як індыйскае вяселле, — смяецца Аглая. — Там жа святкуюць па пяць–сем дзён, вось і ў нас было нешта падобнае.

У першы дзень у офісе адкрылася «зімовая зона» з мандарынамі, імгненнымі фотакамерамі і папяровымі гірляндамі, якія супрацоўнікі збіралі самі. Там жа можна было ўзяць святочныя паштоўкі — іх прапаноўвалі падпісаць калегам або пакінуць сабе на памяць.

У іншыя дні можна было зварыць безалкагольны глінтвейн або гарачае какава, а таксама змяшаць уласную прыпраўную сумесь для напояў і забраць яе з сабой.

У адзін з дзён у офісе праходзіў майстар-клас па стварэнні аўтарскіх навагодніх шароў з запрошанай мастачкай, а ў іншы — серыя творчых воркшопаў, на якіх супрацоўнікі рабілі святочныя ўпрыгожанні ўласнаруч. Пасля працы яны заставаліся на кінапаказы.

Фіналам тыдня стаў візіт у офіс Санта-Клаўса, з якім можна было сфатаграфавацца, і святочны стол.

Акрамя атмасферы свята, у дэпартаменце, дзе працуе Аглая, да Новага года абвясцілі конкурс з уражлівым прызавым фондам. У працоўным чаце цімлід напісала, што па паказчыках працы будуць вызначаныя пяць пераможцаў, якія змогуць выбраць адзін з дарагіх прызоў. Сярод іх, напрыклад, iPhone 17 Pro Max або MacBook Air 15. Вынікі паабяцалі абвясціць у апошнія дні года.

Паводле слоў Аглаі, такі фармат нікога ў офісе не здзівіў: маштабныя перадсвяточныя мерапрыемствы і матэрыяльныя бонусы даўно сталі часткай карпаратыўнай культуры.

Выплацілі па 600 злотых

Таццяна ўжо два гады працуе ў невялікай транспартнай кампаніі. Летась кіраўніцтва ладзіла карпаратыў з паходам у рэстаран, але сёлета фармат змяніўся.

— Карпаратыву не было, — распавядае яна. — Затое ўсім супрацоўніцам офіса выплацілі калядна-навагоднюю прэмію — па 600 злотых.

Паводле слоў Таццяны, такі варыянт аказаўся нават зручнейшым: кожны змог распарадзіцца грашыма па-свойму.

Грамата — ужо свята

Валянціна працуе ў цэнтры аказання медыцынскіх паслуг. Тут падарункі да Новага года атрымліваюць не ўсе.

— Падарунак даюць тым, хто трапіў у спіс найлепшых работнікаў года, — кажа яна. — Уручаюць грамату і нейкі падарунак на карпаратыве.

Валянціна смяецца, што па такіх граматах «адразу відаць, хто заснавальнікі». Астатнія супрацоўнікі таксама прыходзяць на свята.

— Карпаратыў бясплатны, і на тым дзякуй, — дадае яна.

Праз агенцтва — без падарункаў

Вікторыя працуе на заводзе, які вырабляе зліткі і манеты, але працаўладкаваная не наўпрост, а праз агенцтва — пасярэдніка, які афіцыйна наймае работнікаў і накіроўвае іх на прадпрыемства.

— Нам, тым, хто праз агенцтва, падарункаў не даюць, — кажа яна. — А вось супрацоўнікі, аформленыя наўпрост, атрымліваюць прыгожыя фігуркі, што свецяцца, фірмовыя блакноты, каляндары і іншую дробную брэндаваную прадукцыю.

А вось хлопец Вікторыі працуе на заводзе па вытворчасці прамысловых фільтраў для буйных устаноўак.

— Яму павінны выплаціць навагоднюю прэмію. Суму я дакладна не ведаю, яна яшчэ не прыйшла, але летась гэта была прыблізна чвэрць месячнага акладу.

Апошнія навіны