У чым сэнс новых патрабаванняў Пуціна?
- Пётр Алешчук
- 23.12.2025, 18:52
Кіраўнік Крамля ўзгадаў пра выбары ва Украіне.
Падчас нядаўняй «гарачай лініі» з расіянамі, расійскі дыктатар адказаў і на заяву прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага аб тым, што Украіна гатовая правесці выбары прэзідэнта, але толькі пры ўмове, што на час выбарчай кампаніі і галасавання будзе забяспечана спыненне агню і бяспека для грамадзян. Пуцін упершыню дапусціў магчымасць адмовіцца Расіі ад удараў па Украіне на час выбараў. Але толькі пры ўмове, што «змогуць прагаласаваць 5–10 мільёнаў грамадзян Украіны», нібыта тых, што пражываюць на тэрыторыі Расіі.
Важна адзначыць, што Пуцін раней неаднаразова публічна падкрэсліваў, што ўкраінскі прэзідэнт «нелегітымны» нібыта таму, што ў краіне не былі праведзены выбары ў 2024 годзе. Менавіта гэтым Пуцін і матываваў «немагчымасць перамоў» з Украінай.
Пры гэтым Пуцін маўчаў пра тое, чаму ж выбары прэзідэнта не адбыліся ў 2024 годзе, і што гэта відавочна звязана з расійскай агрэсіяй і рэгулярнымі абстрэламі ўкраінскай тэрыторыі. Цяпер ён гэтую сувязь прызнаў, але адразу выставіў умовы.
Сама пастаноўка пытання дзіўная. Адкуль Пуцін узяў менавіта 5–10 мільёнаў? Відавочна, ён мае на ўвазе жыхароў акупаваных Расіяй рэгіёнаў Украіны, якія, як ён сам сцвярджаў раней, вельмі хацелі стаць расіянамі. Асаблівага цынізму гэтай гісторыі надае тое, што ўсе гады акупацыі Расія праводзіць палітыку тэрора і выціскання ў дачыненні да грамадзян Украіны, якія апынуліся на захопленых Расіяй землях. Калі ты не атрымаў расійскі пашпарт, цябе маглі пазбавіць медыцынскай дапамогі або проста дэпартаваць з уласнага дому. Падобныя выпадкі не проста фіксаваліся, але і публічна асвятляліся расійскімі акупацыйнымі ўладамі.
І цяпер Пуцін раптам успомніў пра грамадзян Украіны і іх выбарчае права. Натуральна, такі вялікі «дэмакрат», як Пуцін, зрабіў гэта не проста так. Тым больш, што кіраўніца расійскага ЦВК Эла Памфілава ужо паспела запэўніць усіх, што яны гатовыя арганізаваць выбары для грамадзян Украіны ў Расіі. Ну а як яны ўмеюць лічыць, ведаюць ва ўсім свеце.
Раней Пуцін пастаянна патрабаваў выбараў ва Украіне. Але як толькі ўкраінскія ўлады пачалі прадпрымаць канкрэтныя дзеянні для іх правядзення, Пуцін адразу ж пачаў прыдумваць дадатковыя ўмовы.
У чым сэнс новых патрабаванняў Пуціна? Па сутнасці, ён проста патрабуе права «ўкінуць» 10 мільёнаў галасоў. Нядаўна ўкраінская ЦВК абнародавала дадзеныя, што выбаршчыкаў ва Украіне (і за яе межамі) больш за 30 млн чалавек. Пры яўцы каля 70 працэнтаў (а яўка відавочна будзе меншая, бо прагаласаваць для ўцекачоў у Еўропе будзе не так і проста), 10 млн галасоў — гэта «права» прызначыць Прэзідэнтам Украіны таго, каго захоча Пуцін.
Відавочна, Пуцін у прынцыпе не верыць, што ўкраінцы абяруць каго-небудзь патрэбнага яму, а выбары, калі яны не азначаюць усталявання ва Украіне патрэбнага Пуціну рэжыму, яму не патрэбныя.
Усё гэта настолькі шыта белымі ніткамі, што ўзнікае пытанне: а для каго ўсё гэта? Відавочна, што Украіна ніколі не падтрымае ідэю ўкіду 10 млн галасоў за расійскага кандыдата на выбарах. Відаць, усё гэта прызначана для вушэй Трампа. Пуцін прапануе «кампраміс», які цяпер яго спецпрадстаўнік Кірыл Дзмітрыеў будзе «прадаваць» амерыканцам як «добрую здзелку». І цяжка ўявіць, як на гэта адрэагуюць у Трампа.
Аднак галоўная выснова такая: Пуцін чарговы раз паказаў, што не хоча міру, а хоча пакарыць Украіну, і ўсе іншыя сцэнары яго не цікавяць.
Пётр Алешчук, доктар палітычных навук, прафесар КНУ імя Тараса Шаўчэнкі, спецыяльна для сайта Charter97.org