BE RU EN

Кіпр запусціў штогадовую праграму «Калядныя вёскі»

  • 23.12.2025, 12:10

Каб прыцягнуць турыстаў не толькі на марскія курорты.

На Кіпры адкрылі святочныя кірмашы ў васьмі вёсках, размешчаных высока ў гарах. Турысты, што прыязджаюць на Кіпр, звычайна рэдка цікавяцца чымсьці, акрамя мора, — востраў лічыцца курортным напрамкам. Аднак маленькія гарады і паселішчы горнай часткі Кіпра па-свойму цікавыя і прыгожыя.

Каб пра іх даведаліся турысты, у краіне запусцілі праграму «Калядныя вёскі», якая стане штогадовай.

Сёлета для ўдзелу ў гэтай праграме адабралі восем вёсак. Там адкрылі драўляныя кіёскі, дзе прадаюць глінтвейн, каўбасы і калядныя сувеніры, але акрамя гэтага кожная вёска прапануе самабытныя рамесныя вырабы.

Напрыклад, у вёсцы Агро не толькі прадаюць ружовы алей, але і паказваюць працэс яго дыстыляцыі, у Лефкары — дэманструюць, як плятуцца іх знакамітыя карункі і чаканіцца срэбра. Дэрынея, галоўны вытворца клубніцы на Кіпры, прапануе клубнічны мармелад, а Кіперунта — мясцовае віно і аліўкі.

У Міністэрстве турызму Кіпра кажуць, што гэтыя вёскі могуць прапанаваць значна больш, чым калядныя забавы. Побач з большасцю вёсак пачынаюцца пешыя сцежкі і веламаршруты, а яшчэ ёсць пабудаваныя ў IX стагоддзі цэрквы з фрэскамі, унесенымі ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

На Кіпры разлічваюць, што зачараваныя калядным настроем турысты летам вернуцца ў гэтыя горныя раёны. Яшчэ адна з мэтаў праграмы — падтрымаць мясцовых жыхароў, якія займаюцца традыцыйнымі рамёствамі.

Апошнія навіны