У Беларусі знайшлі новых птушак
- 23.12.2025, 8:51
Яны прыйшлі з гор Еўропы.
У Беларусі зарэгістраваныя новыя для краіны віды птушак. Пра гэта ў Навукова-практычным цэнтры па біярэсурсах Нацыянальнай акадэміі навук паведамілі БелТА.
Так, упершыню беларускую рэгістрацыю атрымаў белагорлы дрозд (Turdus torquatus), які звычайна гняздуецца ў гарах Еўропы. Гэтая птушка раней у Беларусі не адзначалася, а 21 кастрычніка яе выявіла жыхарка Віцебска. На жаль, птушка разбілася аб шкло гандлёвага цэнтра.
У НАН звярнулі ўвагу, што нават спецыялістам даволі цяжка заўважыць белагорлага дрозда. Знешне гэтыя птушкі моцна падобныя да звычайнага чорнага дрозда, але ў самцоў ёсць прыкметная адметнасць — белая пляма на грудзях. Хоць самкі і маладыя птушкі двух відаў дроздаў мала адрозніваюцца.
Акрамя таго, яшчэ адну рэдкую для Беларусі птушку — кароткапалую пішуху — сфатаграфавалі ў парку горада Высокае ў Брэсцкай вобласці 12 студзеня. Гэты від птушак у Беларусі адзначалі ў 1918 годзе, потым яшчэ ў пачатку XXI стагоддзя было некалькі галасавых рэгістрацый. А цяпер упершыню ўдалося сфатаграфаваць гэтую птушку.
Кароткапалая пішуха звычайная для Заходняй Еўропы, але па Польшчы, якая мяжуе з Беларуссю, праходзіць усходняя мяжа распаўсюджання гэтага віду. Пры гэтым звычайная пішуха ў Беларусі сустракаецца нават у гарадах. Адрозніць кароткапалую ад яе ў прыродзе даволі складана; найлепш зрабіць фота або відэа, запіс спеву.