Як Аліеў «кінуў» Пуціна
- Аркадзь Дубноў
- 22.12.2025, 15:54
Такі афронт з боку Азербайджана.
Ільхам Аліеў у апошнюю хвіліну адмовіўся ад паездкі ў Санкт-Пецярбург для ўдзелу ў традыцыйным пераднавагоднім нефармальным саміце СНД 22 снежня. Пра гэта стала вядома сёння ранняй раніцай за некалькі гадзін да пачатку саміту. У адміністрацыі прэзідэнта Азербайджана патлумачылі, што ён «не зможа ўдзельнічаць у сустрэчы з-за напружанага працоўнага графіка».
Тым часам яшчэ напярэдадні, 21 снежня, прэс-сакратар расійскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў паведаміў, што ў Паўночнай сталіцы чакаюць прэзідэнта Азербайджана Аліева, а таксама прэм’ер-міністра Арменіі Пашыняна, і нават даў зразумець, што чакаюцца асобныя размовы Пуціна з кожным з іх. «Мы чакаем, мы рыхтуемся», — сказаў Пяскоў.
У той жа дзень, выступаючы на пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета, якое праходзіць у Санкт-Пецярбургу (Азербайджан, у адрозненне ад Арменіі, не з’яўляецца членам ЕАЭС), прэм’ер-міністр Нікол Пашынян выказаў «удзячнасць прэзідэнту Азербайджана Ільхаму Аліеву за стварэнне ўмоў для пачатку двухбаковага гандлю». Пашынян меў на ўвазе, што першы чыгуначны састаў з азербайджанскімі нафтапрадуктамі днямі прыбыў у Арменію. Здавалася, што гэта прадвяшчае і двухбаковую сустрэчу Аліева і Пашыняна ў Піцеры, а можа быць, і далучэнне да гутаркі і Пуціна…
І вось, такі афронт з боку Ільхама Гейдаравіча…
Звяртаючыся да ўлюбёнай лексікі Пуціна, якой ён звычайна характарызуе паводзіны заходніх лідараў, што яго падманулі (апошні раз ён карыстаўся ёй некалькі дзён таму на «Прамой лініі»), цяпер яго «кінуў» Аліеў.
На мой, выключна асабісты погляд, ягоная адмова ад паездкі ў Піцер і нават ужо анансаванай яго сустрэчы з Пуціным узнікла з той прычыны, што ў Баку выявілі: Крэмль не гатовы да прыдатнай для Азербайджана формулы ўзаемнага прымірэння, якая дазволіла б пераадолець глыбокі крызіс у азербайджанска-расійскіх адносінах, што ўзнік пасля катастрофы пасажырскага самалёта азербайджанскай авіякампаніі AZAL, якая здарылася роўна год таму, 25 снежня 2024 года, у небе над Чачнёй.
У сваім учорашнім допісе я пісаў, што рандэву Пуціна з Аліевым у Санкт-Пецярбургу павінна было стаць цэнтральнай падзеяй піцерскага саміту СНД.
Не стане…
Што да сустрэч прэзідэнта Азербайджана з іншымі калегамі па СНД, то ў ягонай адміністрацыі далікатна далі зразумець, што яму было дастаткова зносін з імі зусім нядаўна, на саміце СНД у Душанбэ 9–10 кастрычніка, «сустрэчы былі плённымі»…
Як па мне, ветліва.
Аркадзь Дубноў, Telegram