РФ забракавала беларускую бульбу
- 22.12.2025, 15:20
На мяжы не змаглі пацвердзіць яе паходжанне.
Пра спыненне ўвозу 21 тоны бульбы з Беларусі паведаміла Федэральная служба па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Расельгаснагляд).
Як адзначаецца, 19 снежня ў пункце пропуску Красны Камень (Злынкаўскі раён Бранскай вобласці) у ходзе фітасанітарнага кантролю транспартнага сродку (судзячы па нумарах — з Гомельскай вобласці) было ўстаноўлена, што бульба прызначалася атрымальніку ў Санкт-Пецярбургу. Пры гэтым груз суправаджаўся несапраўдным фітасанітарным сертыфікатам, які «павінен быў пацвердзіць яе паходжанне, бяспеку ў фітасанітарных адносінах і адпаведнасць усім прад’яўленым патрабаванням».
«У выніку ўпраўленнем Расельгаснагляду ўвоз дадзенага грузу на тэрыторыю Расійскай Федэрацыі быў забаронены. Прадукцыя вярнута адпраўніку. Правапарушальнік прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці», — адзначаецца ў рэлізе.
Расельгаснагляд рэгулярна вяртае ў Беларусь прадукцыю без адпаведных дакументаў.