ЗША адклікаюць дыпламатаў з 29 краін
- 22.12.2025, 14:06
Большасць з іх была прызначаная падчас прэзідэнцтва Джо Байдэна.
Адміністрацыя прэзідэнта ЗША Дональда Трампа адклікае некалькі дзесяткаў высокапастаўленых дыпламатаў з пасольскіх пасад. Большасць з іх атрымалі прызначэнне падчас прэзідэнцтва Джо Байдэна — і цяпер Белы дом плануе замяніць іх на больш лаяльных Трампу супрацоўнікаў, як паведаміла у панядзелак, 22 снежня, агенцтва AP са спасылкай на крыніцы ў Дзярждэпартаменце ЗША.
У сярэдзіне снежня прадстаўнікі дыпмісій у 29 краінах атрымалі лісты пра заканчэнне іх паўнамоцтваў у студзені. Найбольш дыпламатаў адміністрацыя Трампа адклікае з краін Афрыкі: Бурундзі, Камеруна, Кабо-Вердэ, Габона, Кот-д’Івуара, Мадагаскара, Маўрыкія, Нігера, Нігерыі, Руанды, Сенегала, Самалі і Уганды. Перастаноўкі ў дыпламатычным корпусе ЗША закрануць Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён (Фіджы, Лаос, Маршалавы астравы, Папуа — Новую Гвінею, Філіпіны і В’етнам), Еўропу (Арменію, Паўночную Македонію, Чарнагорыю і Славакію). Замены адбудуцца таксама ў Алжыры, Егіпце, Непале, Шры-Ланцы, Гватэмале і Сурынаме.
Дзярждэпартамент ЗША адмовіўся каментаваць адкліканне паслоў і падкрэсліў, што гаворка ідзе пра працэдуру, стандартную для любой прэзідэнцкай адміністрацыі. Тэрмін службы амерыканскіх паслоў вызначаецца прэзідэнтам і складае 3–4 гады. У Дзярждэпартаменце таксама падкрэслілі, што адкліканым дыпламатам прапануюць іншыя прызначэнні ў Вашынгтоне. Ведамства нагадала, што Трамп як прэзідэнт мае права прызначаць на пасады паслоў ЗША людзей, лаяльных Беламу дому і актуальнаму курсу знешняй палітыкі краіны — «Амерыка перш за ўсё».
Зазначым, што гэта ўжо не першая хваля адклікання дыпламатаў з амерыканскіх пасольстваў у 2025 годзе. Пасля ўступлення на пасаду прэзідэнта Дональд Трамп падпісаў указ аб рэструктурызацыі Дзярждэпартамента ЗША. Па яе выніках былі адкліканы паслы і звольнены многія супрацоўнікі дыпламатычных місій, якія адказвалі за пытанні змянення клімату, правы чалавека, якасць дэмакратычных інстытутаў і гендарную роўнасць.
Улетку 2025 года стала вядома, што Дзярждэпартамент забараніў амерыканскім дыпламатам публічна ацэньваць якасць дэмакратыі ў краінах іх прызначэння. У прыватнасці, Дзярждэп ЗША папрасіў іх устрымацца ад каментарыяў пра сумленнасць і празрыстасць выбараў, стан дэмакратычных інстытутаў, а таксама ад падтрымкі рухаў за дэмакратыю і правы чалавека. Цяпер такія каментары дазволены толькі афіцыйным прадстаўнікам Дзярждэпа і дзяржаўнаму сакратару ЗША Марку Рубіа.