СМІ: Кіраўніка расійскай нацысцкай брыгады застрэлілі на дачы ў Крыме
- 22.12.2025, 12:25
Забойцы прыехалі на чатырох аўтамабілях.
Камандзір нацысцкай брыгады «Эспаньола» Станіслаў Арлоў быў застрэлены ў СНТ «Флоцкі» пад Севастопалем, як высветліла выданне Astra з запісаў камер відэаназірання і расповедаў відавочцаў. Паводле звестак Astra, гэта адбылося 4 снежня неўзабаве пасля паўдня, людзі, якія застрэлілі Арлова, прыехалі на чатырох аўтамабілях. Яны былі ў масках і вялі агонь з аўтаматычнай зброі, Арлоў не адстрэльваўся. Хуткая дапамога прыбыла на месца толькі праз шэсць гадзін.
Смерць Арлова мінулага тыдня пацвердзілі ў «Эспаньёле», адзначыўшы, што «следчыя органы ўсталёўваюць дакладную прычыну і месца гібелі Арлова і вінаватых у ёй».
Расійская брыгада «Эспаньола», створаная з нацыяналістычных груповак футбольных фанатаў для ўдзелу ў вайне супраць Украіны, удзельнічала ў штурме «Азоўсталі», ваявала пад Херсонам, Угледарам і Авдзеўкай.
Паводле звестак СМІ, да фінансавання брыгады датычныя сябры Уладзіміра Пуціна Аркадзь і Барыс Ратэнбергі. У кастрычніку «Эспаньола» абвясціла пра расфармаванне.