У Гомельскай вобласці часцей зносяць кароўнікі, чым будуюць
- 22.12.2025, 10:48
На гэта трацяць сотні тысяч долараў.
У Гомельскай вобласці час ад часу з пышнасцю адкрываюць фермы, але замоўчваюць, што ў рэгіёне значна часцей, чым будуюць новыя, зносяць старыя кароўнікі. І не паведамляюць, колькі на гэта даводзіцца траціць бюджэтных грошай.
«Флагшток» сабраў некалькі прыкладаў толькі за апошні месяц — па апублікаваных тэндэрах на выкананне работ па зносе збудаванняў. У вёсцы Судовіца Светлагорскага раёна ліквідуюць адразу тры кароўнікі — адзін на 200 галоў і два на 100 галоў.
На работы па зносе меншых збудаванняў выдзелілі 193 тыс. 188 рублёў і 212 тыс. 691 руб., а ліквідацыя хлява на 200 галоў абыдзецца ў 238 тыс. 153 руб. Разам — больш за 644 тыс. руб. або звыш 218 тыс. долараў.
Ферма ў Судовіцы належыць дзяржаўнаму прадпрыемству КСУП «Золак-Агро». Як даведаўся «Флагшток», яно стала банкрутам. Яшчэ ў 2019 годзе жывёлагадоўчы комплекс гаспадаркі налічваў больш за 6 тыс. галоў, штодня на фермах надаівалася каля 20 тон малака.
Апошнім часам ферма ў Судовіцах не згадвалася ў мясцовых дзяржаўных рэсурсах, а з 2022 года маёмасць КСУП «Золак-Агро» пачалі выстаўляць на аўкцыёнах як арыштаваную за даўгі.
Цяпер прызначаныя чарговыя аўкцыёны па распродажы тэхнікі прадпрыемcтва — уся яна ў паўразабраным, непрацоўным стане.
Іншыя нядаўнія прыклады — знос кароўнікаў у вёсцы Падгалье Ельскага раёна (КСУП «Скороднянский») за 228 тыс. 136 руб., у вёсцы Шчадрын Жлобінскага раёна (ОАО «Щедринское») за 181 тыс. 361 руб., у Палескім сельсавеце Чачэрскага раёна (ОАО «Полесье») за 148 тыс. 085 руб.