У свой апошні дзень Нікіта Мелкозёраў паспеў запісаць інтэрв'ю
- 22.12.2025, 13:11
Госцем праграмы стаў экс-дырэктар «Радыё Свабода».
Апошнім госцем, які даў інтэрв'ю YouTube-праекту «Жыццё-маліна» ў апошні дзень жыцця журналіста Нікіты Мелкозёрава, быў былы дырэктар «Радыё Свабода» Аляксандр Лукашук. Ён распавёў выданню, як прайшла іх сустрэча.
— У суботу мы правялі з Нікітам Мелкозёравым чатыры гадзіны перад камерамі студыі на варшаўскай вуліцы Aleje Ujazdowskie. Гэта была наша першая асабістая сустрэча, таму я не магу параўноўваць, горш ці лепш ён выглядаў, але чатыры няпростыя гадзіны запісу ён адпрацаваў на адным дыханні. Дакладней, на двух — мы ўсё ж зрабілі перапынак на каву пасля першых двух гадзін. Нікіта тэлефанаваў дадому — там была нейкая праблема, ён хваляваўся, казаў, што ратуе сваю сабаку, перапытваў, як і што.
Нікіта выглядаў, як звычайна на экране, — прыгожы, моцны малады чалавек, упэўнены, добра падрыхтаваны. Можа, твар быў бледны, вочы крыху западалыя, але я не ведаў, ці то ад самаадчування, ці то ад лёгкага макіяжу. І размова была няпростая, тэмы — ад маіх кніжак да «Радыё Свабода», ад журналісцкай этыкі да архіваў КДБ, ад прэзідэнта Трампа да Зянона Пазняка, ад Святланы Алексіевіч да Крыму і палітвязняў. Пытанні былі не выпадковыя. Незадоўга да гэтага Нікіта зрабіў цэлую перадачу пра маю апошнюю кнігу «Гульня ў Освальда», прыемна ўразіўшы дакладным веданнем тэксту і разуменнем ключавых момантаў, добрым падборам відэарыяду.
Таксіст пераблытаў адрасы, і Нікіта выйшаў мне насустрач, з паўкіламетра мы ішлі разам, даволі хутка, ён узяў мой чамадан (я адразу збіраўся ехаць у аэрапорт), лёгка падняўся па лесвіцы. Нас чакала яго каманда, і хутка пачаўся запіс — у добрым тэмпе, але нязмушаны, нават без асаблівых перабівак, мадэратар цярпліва даваў дагаварыць да канца.
Нагадаем, у ноч на 21 снежня памёр вядучы праекта «жыццё-маліна» Нікіта Мелкозёраў. Пра гэта ў сацсетках паведамілі блізкія журналіста.