BE RU EN

З'явіліся фота і відэа новых украінскіх крылатых ракет «Барс»

  • 22.12.2025, 12:00

Яна ўжо атакавала расійскіх акупантаў.

Украінскую крылатую ракету «Барс», якой украінская армія ўжо наносіць удары па расійскіх акупантах, упершыню паказалі публічна. Пра гэта 19 снежня паведаміў украінскі ваенны партал Defence Express.

Эксперты звярнулі ўвагу на паведамленне ў Facebook ад 18 снежня музея расійска-ўкраінскай вайны пры Нацыянальным універсітэце абароны Украіны.

«Вельмі доўга палявалі на гэтага звера. Нарэшце — удачна. З дапамогай аднаго вядомага ў шырокіх і вузкіх колах брыгаднага генерала мы атрымалі ўнікальны экспанат — БПЛА «Барс». Дрон-ракета, які сістэмна і эфектыўна знішчае варожыя тылы», — гаворыцца ў допісе.

Эксперты Defence Express удакладнілі, што «Барс» з'яўляецца менавіта крылатай ракетай.

Выданне таксама апублікавала відэа запуску «Барса». Ракета створана паводле класічнай аэрадынамічнай схемы: размах крылаў складае каля двух метраў, хвост двухплоскасны, а рэактыўны рухавік размешчаны над фюзеляжам з кампазітнага матэрыялу.

«Дакладных даных па характарыстыках пакуль няма, акрамя далёкасці ў 700–800 км, а таксама разумення, што баявая частка «Барса», верагодна, складае дзясяткі кілаграмаў або, у лепшым выпадку, каля 100 кг», — адзначае выданне.

Паводле інфармацыі Defence Express, вытворчасць і прымяненне крылатых ракет «Барс» ужо набылі масавы характар.

«Ужо фіксаваліся выпадкі, калі па ворагу адначасова запускалі каля 100 толькі «Барсаў», — падкрэслілі аўтары публікацыі.

Апошнія навіны