Генсек НАТА лічыць, што моладзь гатовая абараняць Еўропу са зброяй у руках
- 21.12.2025, 17:40
Еўрапейцы гатовыя за сябе пастаяць.
Генсек НАТА Марк Рутэ адрэагаваў на пратэсты моладзі ў Германіі супраць рэформы ваеннай службы.
Пра гэта ён заявіў у інтэрв'ю Bild.
Журналісты звярнулі ўвагу Рутэ на пратэсты нямецкай моладзі супраць прызыву і спыталі, як матываваць новае пакаленне абараняць сваю краіну.
«Вакол гэтага пытання вядзецца шмат дыскусій. Але, гледзячы на Германію — як і на маю ўласную краіну, Нідэрланды, — я бачу відавочную большасць, якая ўсведамляе пагрозу і неабходнасць абараняць сваю краіну», — адказаў Рутэ.
«Я не сумняваюся: калі сітуацыя стане сапраўды сур'ёзнай, моладзь будзе гатовая ўзяць у рукі зброю. У Пуціна 140 мільёнаў жыхароў. У краін НАТА разам — каля аднаго мільярда. Цяпер мы з усіх бакоў мацнейшыя за Расію», — дадаў ён.