BE RU EN

Пуцінскі «канструктар»

  • Віталь Партнікоў
  • 21.12.2025, 17:05

Што для Украіны значаць заявы на прамой лініі.

Шматгадзінныя прамыя лініі з удзелам Уладзіміра Пуціна заўсёды нагадвалі мне пэўны прапагандысцкі канструктар. Менавіта таму, што расійскі прэзідэнт гадзінамі адказвае на самыя разнастайныя пытанні — ад прынцыповых палітычных рашэнняў да ўстаноўкі навагодніх ёлак, — кожны жадаючы мог заўсёды пачуць адказ на свой густ, тым больш што Пуцін нярэдка супярэчыць сам сабе. І ў гэтым сэнсе шматгадзінныя прэс-канферэнцыі Пуціна падобныя да шматтамовых збораў твораў Леніна савецкіх часоў — кожны мог выбраць патрэбную цытату.

Аднак прамая лінія Пуціна, што адбылася 19 снежня 2025 года, пры ўсёй нязменнасці канструкцыі адрознівалася ад папярэдніх тым, што ў яе была скразная тэма — вайна. Вайна, якую, судзячы з настрою, Уладзімір Пуцін не збіраецца заканчваць, — але пры гэтым вымушаны дэманстраваць міралюбнасць і канструктыўнасць для свайго амерыканскага калегі. Гэта не просты баланс, але расійскі прэзідэнт усе гэтыя некалькі гадзін спрабаваў яго ўтрымліваць.

З аднаго боку — запрасіў на прэс-канферэнцыю чарговага «героя СВА», каб той распавёў пра «зверствы» ўкраінскіх вайскоўцаў. З другога — павітаў міратворчыя намаганні Трампа і сцвярджаў, што нават з Кіева ёсць «сігналы» пра гатоўнасць да перамоваў. З аднаго боку — абяцаў вырашыць праблемы водазабеспячэння Данбаса ў выпадку «вызвалення» Славянска, з другога — сцвярджаў, што Расія гатовая да «цяжкіх кампрамісаў». Праўда, пра сутнасць гэтых кампрамісаў Пуцін так нічога і не сказаў.

Затое патлумачыў, як, на яго думку, павінны прайсці выбары ва Украіне: Расія магла б спыніць удары… у дзень галасавання, але пры ўмове, што ў выбарах будуць удзельнічаць грамадзяне Украіны, якія жывуць у самой Расіі.

Зразумела, што для расійскага прэзідэнта перадвыбарчая кампанія і канкурэнтнасць галасавання — пусты гук. Але тое, што ён дэманстратыўна хоча выкарыстаць людзей, якія ўцяклі ад вайны, у якасці «пятай калоны», яшчэ раз паказвае, што Пуцін нічога не забыў і нічаму не навучыўся. І працягвае ўспрымаць Украіну як мяцежную правінцыю, якую абавязкова трэба вярнуць у расійскае стойла. А ўжо шляхам працягнення вайны ці шляхам капітуляцыі — гэта ўжо як выйдзе.

Але тое, што Пуцін настроены менавіта на капітуляцыю Украіны, найлепш ілюструе якраз яго адказ на пытанне пра выбары. Ён сапраўды хацеў бы, каб Трамп шляхам ціску на ўкраінскае кіраўніцтва дамогся правядзення такіх выбараў, на якіх пераможа прыхільнік капітуляцыі — пажадана пры дапамозе ўкраінцаў, што жывуць у Расіі. І нават гатовы дзеля гэтага на дзень спыніць вайну. На дзень — каб тыя, хто галасуе, не сумняваліся: калі яны прагаласуюць «няправільна», не так, як хацеў бы расійскі прэзідэнт, вайна зноў адновіцца.

Уласна, гэта не першае жаданне рэваншу. Рэваншу Пуцін хацеў і ў 2010 годзе, калі да ўлады прыйшоў Віктар Януковіч, і ў 2019 годзе, калі ўкраінцы прагаласавалі за Уладзіміра Зяленскага. І кожны раз ён пралічваўся. Януковіч так і не змог разбурыць Украіну, хоць вельмі стараўся. А Зяленскі зусім не аказаўся «агентам капітуляцыі», на якога разлічваў Пуцін.

Але ўяўленняў расійскага прэзідэнта пра тое, як яму варта знішчыць Украіну, гэта не змяніла ні на ёту. Як не змянілі ўяўленняў Пуціна і амаль чатыры гады вялікай вайны, за ахвяры якой ён дэманстратыўна адмовіўся браць адказнасць на гэтай прамой лініі.

Пуцін па-ранейшаму хоча, каб Украіна загінула. І шукае найбольш прымальныя магчымасці для забеспячэння гэтай гібелі.

Віталь Партнікоў, vot-tak.tv

Апошнія навіны