У Іркуцкай вобласці «герой СВА» забіў маці дваіх дзяцей
- 21.12.2025, 16:24
Мужчына пасля злачынства хаваўся ў закінутым будынку.
У Іркуцкай вобласці затрымалі ўдзельніка вайны супраць Украіны Кірыла Пуцінцава па падазрэнні ў забойстве 24-гадовай жыхаркі горада Свірска.
Як паведамілі ў рэгіянальным упраўленні МУС, мужчына пасля злачынства хаваўся ў закінутым будынку, дзе яго і знайшлі супрацоўнікі паліцыі.
Забойства адбылося 19 снежня. Як пісалі «Люди Байкала», 24-гадовы «герой СВА» нанёс шматлікія ўдары сваёй сужыцельцы, у тым ліку калюча-рэзаныя раненні, ад якіх яна памерла. Выданне ўдакладняе, што напад адбыўся пасля таго, як дзяўчына адвяла дзіця ў школу. У загінулай засталіся двое дзяцей ва ўзросце васьмі і пяці гадоў.
Тэлеграм-канал «Зводка 38» паведамляў, што раней судзімы за ўгон Кірыл Пуцінцаў прымаў удзел у вайне супраць Украіны, дзе трапіў у палон. Знаходзячыся ў палоне, ён запісваў відэазварот з просьбай уключыць яго ў спісы на абмен.