У Расіі падазраюць, што Пуцін таемна прыняў іслам
- 21.12.2025, 15:25
Новая заява дыктатара падсілкавала чуткі.
Новая заява дыктатара РФ Уладзіміра Пуціна, якая прагучала 19 снежня падчас «Прамай лініі», скалыхнула расійскіх ультрапатрыётаў. Кіраўнік Крамля фактычна падтрымаў практыку дзіцячых шлюбаў, што фармальна супярэчыць расійскаму заканадаўству, але насамрэч ужываецца ў шэрагу рэгіёнаў, перадусім на Паўночным Каўказе. На скандал звярнуў увагу Dialog.UA.
«На Каўказе ёсць вельмі добрая традыцыя: яны жаняць і выдаюць замуж сваіх дзяцей у даволі раннім узросце. Я размаўляў з Кадыравым, у яго вялікая сям’я, трэба браць з іх прыклад», — сказаў дыктатар РФ.
Гэтыя словы адразу выклікалі рэзкую рэакцыю ў асяроддзі расійскіх ультрапатрыётаў, якія даўно падазраюць, што Пуцін мог адрачыся ад праваслаўя. Сумненні ўзмацніліся яшчэ летам 2024 года, калі падчас візіту ў Чачню кіраўнік Крамля, аглядаючы новую мячэць імя прарока Ісы ў Грозным, дэманстратыўна пацалаваў Каран.
Чуткі пракаментаваў расійскі паліттэхнолаг Станіслаў Белкоўскі. Ён дапускае, што інфармацыя пра таемнае прыняцце Пуціным ісламу магла быць праўдай. Аднак эксперт засумняваўся ў тым, што кіраўнік Крамля — сапраўды веруючы чалавек.
«Нарастае цыркуляцыя чутак, што Пуцін нібыта таемна прыняў іслам. А гэта, між іншым, паспрыяла яго ўсебаковаму збліжэнню з манархіямі Заліва і іх нефармальным, але магутным лабістам Стывенам Уіткофам. Маўляў, а чаму гэта кіраўнік РФ публічна цалаваў Каран? Проста так, тэхнічна? Так, цалкам магчыма, што менавіта так. У краіне РФ, дзе фактычны галоўны культ — рэлігія Мамоны, аўраамічныя рэлігіі маюць характар тэхнічнага інструментару для кіруючых эліт. Сёння яны цалуюць Каран, заўтра — Евангелле, ці ўсё ім адно?» — напісаў Белкоўскі.