«Казаў, што без яго мы з дзецьмі памрэм з голаду»
- 21.12.2025, 10:43
Беларуска ў эміграцыі апынулася ў залежнасці ад хатняга тырана, але здолела вырвацца.
За 16 гадоў жыцця з Кірылам Ніна (імёны змененыя) паступова страціла сяброў, грошы і, урэшце, бяспеку. Пасля эміграцыі з Беларусі ў Польшчу сітуацыя, здавалася, зайшла ў тупік: Кірыл перайшоў ад пагроз да пабояў, а сыходзіць ад яго не было куды: у новай краіне не аказалася ні родных, ні сяброў. Да таго ж легалізацыя ў Польшчы была «прывязаная» да статусу мужчыны. Невядома, чым бы ўсё скончылася, калі б не настаўніца дачкі. Ніна распавяла MOST, як вырвалася з замкнёнага кола.
Гэтую гісторыю MOST падае толькі са слоў Ніны, яна таксама перадала рэдакцыі дакументы з паліцыі і цэнтра PRYZMAT.
Ніна і Кірыл не афармлялі шлюб, але ў іх двое дзяцей: старэйшая дачка і сын, якому на момант пераезду было ўсяго тры гады.
Праблемы пачаліся яшчэ ў Мінску. Ніна прызнаецца, што не адразу заўважыла, як у яе зніклі сяброўкі. Яна мусіла ўзгадняць з партнёрам, як плануе правесці вольны час, і аддаваць справаздачу пра свае дзеянні.
— Яшчэ тады мой свет паступова звужаўся да страху, залежнасці і немагчымасці сыходзіць, — успамінае Ніна. Справа ў тым, што Кірыл часта гаварыў ёй, што яна «страшная» і «нікому не патрэбная».
На словах грошы ў сям'і былі агульныя, але насамрэч жанчына трапіла ў фінансавую пастку.
— Сваю зарплату Кірыл хаваў, а мой заробак ішоў на арэнду і прадукты. На сябе я магла патраціць мінімум, — кажа Ніна, але ўдакладняе, што тады гэта яшчэ здавалася ёй нармальным.
«Запалохваў, што без яго мы памрэм з голаду»
З Мінска сям'я пераехала ў невялікі горад у Падляскім ваяводстве. Ніна ўзгадвае: тады спадзявалася, што ў Польшчы пачнецца новая старонка іхніх адносінаў. Так і здарылася. Вось толькі сітуацыя не палепшылася, а стала драматычнай. У новай краіне ў Ніны не было ні сяброў, ні родных. Польскую мову яна ведала слаба, таму не мела да каго звярнуцца. Так атрымалася, што яна трапіла ў поўную залежнасць ад партнёра.
Відаць, ён гэта адчуў — абразы ператварыліся ў пабоі.
Да гэтага дадавалася фінансавая залежнасць. Сыну не знайшлося месца ў дзіцячым садку, таму выйсці на працу Ніна не змагла. Сам Кірыл атрымаў від на жыхарства па працы, на якую ўладкаваўся толькі праз паўгода. А легалізацыя Ніны і дзяцей была прывязаная менавіта да яго статусу ў Польшчы.
— Кірыл гэтым карыстаўся: запалохваў, што без яго я і дзеці памрэм з голаду, што ён забярэ дакументы.
Усё заўважыла настаўніца
Дапамога прыйшла адтуль, адкуль Ніна не чакала. Настаўніца англійскай у старэйшай дачкі — беларуска, якая шмат гадоў жыве ў Польшчы, — заўважыла трывожныя сігналы: трымценне рук дзяўчынкі, пазбяганне кантакту. Яна запрасіла Ніну пагаварыць. Але тая баялася прыйсці, і тады настаўніца прыйшла сама.
Яна прама сказала, што бачыць прыкметы хатняга гвалту, і прапанавала Ніне звярнуцца ў MOPS — гарадскі цэнтр сацыяльнай дапамогі, дзе прадастаўляюць бясплатную псіхалагічную падтрымку, у тым ліку замежнікам. Таксама яна параіла звярнуцца да ўчастковага паліцэйскага, нумар якога вісіць на дошцы аб'яваў у кожным пад'ездзе.
«Толькі праз пяць месяцаў я ўпершыню сказала ўголас, што гэта ненармальна»
Да гэтага Ніна лічыла, што «смецце з хаты не выносяць». Так ёй звычайна казалі ў Беларусі. І нават пасля візіту настаўніцы жанчыне спатрэбілася тры месяцы, каб наважыцца.
— У MOPS мне дапамагала псіхолаг з Украіны — чалавек, які працаваў са мной многія месяцы. Толькі праз пяць месяцаў я ўпершыню сказала ўголас, што тое, што адбываецца дома, ненармальна, — распавядае Ніна.
Звяртацца ў паліцыю яна спачатку таксама баялася — праз няведанне мовы. Але з часам гэта стала неабходнасцю.
Паліцыя прапанавала дэпартаваць агрэсара
Аднойчы Кірыл прыйшоў дадому п'яны і штурхнуў трохгадовага сына. Дзіця заплакала. Тады бацька пачаў крычаць, каб малога супакоілі. Ніна прыгразіла выклікаць паліцыю — «тады ён наваліўся і пачаў душыць». Сын у гэты час быў у яе на руках.
— Дачка выбегла на вуліцу і патэлефанавала той самай настаўніцы. Та сказала: «Тэлефануйце ў паліцыю». Але званіць не спатрэбілася — нехта з суседзяў, убачыўшы яе паўраздзетай на вуліцы, сам выклікаў патруль, — успамінае Ніна.
Кірыла забралі на некалькі сутак. На наступны дзень да Ніны прыйшоў участковы паліцэйскі. Выслухаўшы беларуску, ён прапанаваў пачаць працэдуру дэпартацыі агрэсара. Але яна спалохалася, што не справіцца адна, і папрасіла «даць яму шанец».
Тым не менш сям'і аформілі «блакітную карту» (karta niebieska) — працэдуру фіксацыі і кантролю выпадкаў хатняга гвалту. Яна прадугледжвае суправаджэнне сям'і і абарону пацярпелага.
Два месяцы дома было ціха. А потым усё пачалося спачатку.
Шпурнуў кубкам, які яму падарылі
У дзень народзінаў Кірыла Ніна і дзеці купілі яму падарунак — тэрмакубак для працы. Уручыць яго вырашыла дачка. Кірыл адрэагаваў дзіўна: шпурнуў кубак у Ніну і закрычаў, што зарэжа яе. Ніна выклікала паліцыю, але на гэты раз партнёра не затрымалі.
— Да гэтага моманту я ўжо потай шукала жыллё. Потым, пакуль Кірыл быў на працы, мы з дачкой па начах пераносілі рэчы.
Тады Кірыл працаваў па зменах, і ў адну з такіх начэй апынуўся дома. Зайдучы, Ніна ўбачыла яго ў дзвярным праёме.
— Ён ударыў маім тварам аб сцяну: разбудзіла, уваходзячы, — успамінае яна.
Ніна зноў выклікала паліцыю, і Кірыла забралі. На наступны дзень з ёй пагутарыў участковы паліцэйскі — патлумачыў, што такія людзі не змяняюцца. «Блакітную карту» сям'і тады прадоўжылі, а Кірылу выдалі забарону на набліжэнне да яе.
Спачатку ён спрабаваў атрымаць ключы ад кватэры, дзе жылі Ніна і дзеці, праз суседзяў. Але неўзабаве з'ехаў у Беларусь.
Шукала падтрымку ў групах беларусаў
Пакрыць выдаткі на першы месяц арэнды жылля дапамог цэнтр дапамогі ахвярам гвалту PRYZMAT. На гэтыя мэты Ніне выплацілі 2300 злотых, таксама яна атрымала 1000 злотых на прадукты і бытавыя тавары.
Пра цэнтр Ніна даведалася яшчэ раней. У спробе змяніць сітуацыю яна пісала ў сацсетках у беларускія групы ў Польшчы. Пераважна ёй адказвалі кшталту «Навошта ты цярпіш?» або «Навошта жывеш з ім?» Але адзін удзельнік абмеркавання — паляк, які гаворыць па-руску, — параіў звярнуцца ў PRYZMAT.
Там жанчыне растлумачылі: каб атрымаць дапамогу, патрэбны ліст з паліцыі, які пацвярджае факт гвалту. Яна ўзяла яго ў аддзяленні.
— У цэнтры працуе юрыст, які і сёння бясплатна дапамагае мне — склаў заяву на аліменты, кансультуе па працэдурах, — апісвае Ніна.
Дзяржава можа выплачваць аліменты за бацьку
Суд прысудзіў Ніне аліменты, але ад былога партнёра яна іх не атрымлівае. У Польшчы, калі адзін з бацькоў хаваецца, дзяржава можа выплачваць другому аліменты за яго, а потым спаганяць сродкі з даўжніка. Але доступ да выплат з аліментнага фонду для замежнікаў абмежаваны і залежыць ад статусу знаходжання. Дый як спагнаць грошы з чалавека, які ўцёк у Беларусь, не зразумела. Разгляд пытання, ці зможа Ніна прэтэндаваць на выплаты з фонду, перанеслі на люты 2026 года.
Сёння Ніна працуе на кухні ў школе і працягвае займацца з псіхолагам. Кірыл першы час спрабаваў пісаць ёй і дачцэ, але цяпер заблакаваны ва ўсіх мэсэнджарах.
— Цяпер я ведаю, што мы ў бяспецы, — кажа Ніна.