Партызаны паралізавалі ключавы чыгуначны вузел забеспячэння РФ у раёне Растова-на-Доне
- 21.12.2025, 8:37
Парушана праца галоўнага лагістычнага хаба акупантаў.
Агенты партызанскага руху «АТЕШ» правялі чарговую дыверсію ў Растоўскай вобласці РФ. На гэты раз яны паралізавалі ключавы чыгуначны вузел забеспячэння арміі РФ у раёне Растова-на-Доне.
Пра гэта паведамляе Telegram «АТЕШ».
У публікацыі ўдакладняецца, што дыверсія была здзейсненая на «стратэгічным чыгуначным вузле ў Байтэйску, што прывяло да пэўных наступстваў».
«У выніку падпалу рэлеевых шафаў была парушана праца галоўнага лагістычнага хаба, праз які ажыццяўляецца забеспячэнне акупацыйных войскаў на ўсіх паўднёвых напрамках», — піша «АТЕШ».
Партызаны адзначылі, што праз гэты вузел вораг перакідвае вайсковыя эшалоны з асабовым складам, бранятэхнікай, палівам і ў тым ліку боепрыпасамі. У прыватнасці, пастаўкі ідуць для груповак РФ на Херсонскім, Запарожскім і Данецкім напрамках, а таксама ў Крыме.
«Дыверсія стварыла ланцуговую рэакцыю затрымак і зрываў у пастаўках для акупантаў. Парушэнне працы станцыі Батайск-Сартыровачная прывяло да лагістычных праблем ворага. Цяпер ваенныя грузы затрымліваюцца ў дарозе, а планаванне аперацый акупантаў апынулася пад пагрозай зрыву», — сказана ў допісе.
У «АТЕШ» дадалі, што іх партызаны працягваюць сістэматычна разбураць тылавую інфраструктуру ворага.