Зяленскі назваў сапраўдную мэту Расіі ў вайне з Украінай
- 20.12.2025, 22:40
«Галя ў іх разбалаваная».
Краіна-агрэсар Расія не ў стане змяніць уласныя пазіцыі і не пагодзіцца ні на адно кампраміснае рашэнне пра мір ва Украіне, бо не хоча гэтага і пакуль не адчувае санкцыйнага ціску ў поўным аб’ёме. Таму санкцыйную палітыку трэба не толькі працягваць, але і ўзмацняць, лічыць прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Іншых варыянтаў няма, і калі агрэсары адмаўляюцца ад дыпламатыі, трэба нарошчваць ціск, растлумачыў украінскі лідар. Пра гэта ён сказаў 20 снежня, адказваючы на пытанні журналістаў.
Галя ў іх разбалаваная
«Расія не можа змяніць свае пазіцыі самастойна — яна не хоча гэтага. Яна хоча — разглядала і разглядае — поўную акупацыю нашай дзяржавы. І, безумоўна, знішчэнне нашай незалежнасці. Яна заўсёды гэтага хацела», — падкрэсліў Уладзімір Зяленскі.
Менавіта таму патрэбныя санкцыі і эканамічны ціск на Расію, адзначыў ён. Паводле слоў украінскага прэзідэнта, калі ў гаспадара Крэмля «не будзе грошай, то ён не зможа працягваць вайну».
«Таму трэба ціснуць менавіта на гэта. І паколькі мы разумеем, што, як кажуць, «Галя ў іх разбалаваная», трэба, на мой погляд, Амерыцы крыху мацней ціснуць на расіян, не даваць альтэрнатывы», — сказаў прэзідэнт Украіны.
Ён заклікаў ЗША «ясна сказаць» агрэсарам: калі яны не пагодзяцца на дыпламатыю (гэта значыць, перамовы), будзе «вельмі моцная» вайсковая падтрымка Украіны і санкцыі «поўнасцю — на ўсю эканоміку і на ўсе сектары, якія прыносяць грошы расіянам».