Зяленскі падтрымаў ідэю трохбаковай сустрэчы ЗША, Украіны і РФ
- 20.12.2025, 20:03
Пра прапанову яму расказаў сакратар РНБА Рустэм Умераў.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што ЗША прапанавалі правесці трохбаковую сустрэчу Украіны, ЗША і Расіі на ўзроўні дарадцаў па нацыянальнай бяспецы (NSA). Кіеў гэтую ідэю падтрымлівае.
Як паведамляе РБК-Украіна, пра гэта Зяленскі сказаў, адказваючы на пытанне журналістаў.
Кіраўнік дзяржавы паведаміў, што пра прапанову яму расказаў сакратар РНБА Рустэм Умераў, які цяпер знаходзіцца ў ЗША і ўчора праводзіў перамовы з амерыканскімі і еўрапейскімі партнёрамі аб завяршэнні вайны.
«Што тычыцца Умерава, ён мне тэлефанаваў, сказаў, што ЗША прапануюць трохбаковую сустрэчу NSA (дарадцаў па нацыянальнай бяспецы — рэд.) — ЗША, Украіна, Расія», — сказаў Зяленскі.
У той жа час прэзідэнт адзначыў, што не ўпэўнены, што гэтая сустрэча прынясе нешта новае, але дадаў, што раней падобныя сустрэчы былі ў Турцыі і яны далі пэўны вынік. У прыватнасці, вяртанне палонных вайскоўцаў і грамадзянскіх. Таму Украіна падтрымлівае прапанову ЗША.
«Калі цяпер можа быць такая сустрэча, якая разблакуе абмены, або вынікам трохбаковай сустрэчы дарадцаў па нацыянальнай бяспецы (NSA) можа стаць дамоўленасць аб трохбаковай сустрэчы лідараў — я не магу быць супраць. Мы падтрымаем прапанову ЗША», — рэзюмаваў Зяленскі.