Алесь Бяляцкі: Пытанне пра Украіну і Крым для Статкевіча не стаяла
- 20.12.2025, 13:55
Лаўрэат Нобелеўскай прэміі пракаментаваў мужны ўчынак лідара апазіцыі.
Былы палітвязень, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі пракаментаваў «Зеркалу» адмову лідара беларускай апазіцыі Мікалая Статкевіча пакідаць родную краіну ў абмен на свабоду:
— Надзвычай мужны ўчынак. І на яго мог пайсці не кожны, вядома. Але, ведаючы Мікалая ўжо больш за трыццаць гадоў, ведаючы яго стойкую пазіцыю, я разумею, што так зрабіць мог толькі ён. Я гэта цаню. Гэта яго асабісты выбар — працягваць барацьбу такім чынам. Бо калі ў краіне ёсць палітвязні — палітыкі, грамадскія дзеячы, праваабаронцы, — гэта выразны паказчык таго, што адбываецца ў краіне, што ёсць велізарныя праблемы з правамі чалавека, што ёсць дыктатура, якая трымае палітычных апанентаў у турмах.
Такі шлях цяжкі. Трэба мець неверагодную цвёрдасць, каб вытрымаць яго, я гэта глыбока паважаю. І думаю, што пытанне наконт Украіны і Крыму для Мікалая ніколі не стаяла. Бо гэта чалавек з выразнай цвёрдай пазіцыяй. Вельмі спадзяюся, што рана ці позна, пажадана рана, ён усё ж апынецца на свабодзе.