Расія заваліла Беларусь свінінай
- 20.12.2025, 10:29
У нас жа масавы падзеж жывёлы.
У Беларусі, паводле дадзеных Белстата, за няпоўны 2025 год вырошчванне свіней у жывой масе зменшылася на 12%. Пагалоўе па ўсёй краіне скарацілася на 121 тыс. галоў. Аднак у некаторых раёнах сітуацыя яшчэ больш катастрафічная — знікла ўсё пагалоўе або яго палова. Такія лічбы, відаць, сведчаць пра ўспышку эпізаотыі ў асобных рэгіёнах Беларусі, піша сайт «Белорусы и рынок».
На гэтым фоне Расія павялічвае экспарт свініны ў Беларусь. Цэны на гэты прадукт у нашай усходняй суседкі падаюць, паведамляюць аналітыкі EMEAT, піша расійскі Forbes.
Аптовыя цэны на свініну ў Расіі вярнуліся да ўзроўню 2023-га. У Расіі на пачатку снежня патаннелі ўсе віды мяса — ад ялавічыны да курыцы. Але найбольш прыкметна знізіліся цэны на свініну.
Далася ў знакі канкурэнцыя з Кітаем: у канцы лістапада аптовыя цэны на акорак, лапатку і трымінг (абваленае мяса з розных частак свіной тушкі) аказаліся ўжо ніжэй за сабекошт курынага філе з Кітая.
Пастаўкі расійскай свініны ў Беларусь павялічыліся на траціну — наша краіна з'яўляецца ключавым рынкам для Расіі. Паводле дадзеных Нацыянальнага саюза свінаводоў Расіі, за гэты перыяд агульны аб'ём паставак перавысіў 324 тыс. тон, што на 26% больш, чым за аналагічны перыяд 2024 года.
Таксама Беларусь — асноўны пакупнік расійскага сала, сюды прыходзіць каля 80% усяго расійскага экспарту. У Беларусь паступіла звыш 10 тыс. тон гэтага прадукту амаль на 15 млн долараў. У параўнанні з мінулым годам пастаўкі выраслі на 4% па аб'ёме і на 29% у грашовым выражэнні.
У Расіі летась спажыванне мяса дасягнула абсалютнага рэкорду — 82 кг на душу насельніцтва, сведчаць звесткі Расстата. Нагадаем, у Беларусі расце спажыванне гатовых вырабаў з мяса, у той час як сырое мяса сталі купляць менш.