На амерыканскай авіябазе адбылася страляніна
- 20.12.2025, 3:59
Што вядома.
Невядомы адкрыў агонь на авіябазе Люк у амерыканскім штаце Арызона. На працягу прыкладна 50 хвілін на вайсковай базе дзейнічаў рэжым ізаляцыі.
«56-я эскадрылля сіл бяспекі і мясцовыя праваахоўныя органы неадкладна адрэагавалі і ачысцілі пацярпелы раён», — гаворыцца ў паведамленні адміністрацыі авіябазы ў Facebook.
Інфармацыі пра пацярпелых няма. Сенатар ад Арызоны Рубэн Гальега у публікацыі ў сацсетцы X заклікаў усіх, хто знаходзіцца паблізу авіябазы, быць асцярожнымі.
Паводле адкрытых даных, на авіябазе Люк працуе каля 10,5 тыс. чалавек, у тым ліку 3 тыс. грамадзянскіх. На ёй вайскоўцы ЗША праходзяць навучанне палётам на знішчальніках F-16 і F-35.