Беларускія мабільныя аператары назвалі прычыны зніжэння якасці сувязі
- 2.12.2025, 23:27
«Віну» ўсклалі на грамадзян.
Беларускія мабільныя аператары назвалі прычыны зніжэння якасці сувязі. Пра гэта піша газета «Рэспубліка».
Начальнік упраўлення стратэгічнага аналізу і сэрвісаў beCloud Анастасія Яцкевіч назвала павелічэнне фактычнага спажывання трафіку абанентамі. Яна прывяла параўнанне трэцяга квартала 2024-га і аналагічнага перыяду 2025 года, калі гэты паказчык у сярэднім вырас прыкладна на 15% на кожнага абанента.
«Аб’ём трафіку праз сетку 4G на дадзены момант набліжаецца да тых жа значэнняў, што і ў 2024-м. То-бок людзі пачынаюць больш карыстацца 4G, а таксама павялічваецца колькасць кантэнту, яго спажыванне і вага», — адзначыла яшчэ адзін фактар прамоўца.
Начальнік упраўлення інтэграцыі і прыёмкі аб’ектаў сотавай рухомай электрасувязі beCloud Барыс Моніч адзначыў сезонную міграцыю абанентаў і павелічэнне колькасці карыстальнікаў падчас правядзення масавых мерапрыемстваў у тым ці іншым месцы.
У сваю чаргу, начальнік упраўлення электрасувязі і рэгулявання радыёчастотнага спектру Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Дзмітрый Корзун заўважыў, што тэлефоны, набытыя за мяжой, не абавязкова будуць працаваць у Беларусі «на ўсе сто». А намеснік генеральнага дырэктара па тэхнічных пытаннях кампаніі A1 Уладзімір Сачкоў параіў:
«Рацыянальна купляць тэлефоны ў аператараў: яны праходзяць унутранае тэставанне на сумяшчальнасць з мясцовымі сеткамі, што дазволіць пазбегнуць нечаканых сюрпрызаў. Не толькі iPhone, але і добрыя кітайскія мабільнікі маюць рэгіянальныя абмежаванні».