У выніку паводкаў у Інданезіі загінулі больш за 700 чалавек
- 2.12.2025, 17:45
500 чалавек лічацца зніклымі без вестак.
У выніку паводкаў, якія абрынуліся на Інданезію мінулага тыдня, загінулі прынамсі 712 чалавек, паведамілі ўлады краіны. Ратавальнікі па-ранейшаму спрабуюць дабрацца да пацярпелых раёнаў, перадае BBC.
Паводле дадзеных урадавага агентства па надзвычайных сітуацыях, паводкі, выкліканыя рэдкім цыклонам, што сфарміраваўся над Малакскім пралівам, закранулі тры правінцыі і каля 1,5 млн чалавек.
500 чалавек лічацца зніклымі без вестак, а тысячы атрымалі траўмы.
Мусоны, якія ўзмацнілі трапічныя штармы, выклікалі адны з самых моцных паводак у Паўднёва-Усходняй Азіі за апошнія гады. Усяго за апошні тыдзень у рэгіёне ў выніку паводак і апаўзняў загінулі каля 1200 чалавек.
На Шры-Ланцы загінулі прынамсі 410 чалавек, у Тайландзе — як мінімум 176. Яшчэ двое чалавек загінулі ў штаце Перліс на поўначы Малайзіі.
У Інданезіі наймацней пацярпелі правінцыі Ачэх, Паўночная і Заходняя Суматра, дзе тысячы людзей па-ранейшаму застаюцца адрэзаныя ад знешняга свету і не маюць доступу да прадметаў першай неабходнасці.
Нацыянальнае агенцтва Інданезіі па надзвычайных сітуацыях паведаміла, што каля мільёна чалавек былі эвакуяваныя.