Украіна ўпершыню ў гісторыі ўвайшла ў сотню найбуйнейшых вытворцаў зброі
- 2.12.2025, 17:27
Апублікаваны рэйтынг.
Украіна ўпершыню ў гісторыі трапіла ў рэйтынг SIPRI як паўнавартасны вытворца зброі. Акцыянернае таварыства «Украінская абаронная прамысловасць» заняло 52-е месца сярод ста найбуйнейшых вытворцаў узбраенняў у свеце, паведаміў генеральны дырэктар кампаніі Герман Сметанін.
Паводле вынікаў 2024 года «Укробаронпрам» атрымаў даход у $3,01 млрд і па тэмпах росту (40,7%) апынуўся на шостым месцы ў агульным рэйтынгу і на чацвёртым — у Еўропе, піша Liga.net.
Усяго 100 найбуйнейшых кампаній свету ў 2024-м атрымалі $679 млрд ад продажу ўзбраенняў. Рост забяспечылі перадусім ЗША і Еўропа. Адзіная рэгіянальная група са спадзеннем — Азія, галоўным чынам з-за скарачэння даходаў ад узбраенняў у Кітаі.
Лідары рэйтынгу:
→ Lockheed Martin (ЗША) – $64,6 млрд (+3,2%);
→ RTX Corporation (ЗША) – $43,6 млрд (+4,1%);
→ Northrop Grumman (ЗША) – $37,8 млрд (+3,3%);
→ BAE Systems (Вялікабрытанія) – $33,7 млрд (+6,9%);
→ General Dynamics (ЗША) – $33,6 млрд (+8,1%)
«Укробаронпрам» або прадпрыемствы, што ўваходзяць у групу, наладзілі актыўныя партнёрствы амаль з кожнай з гэтых кампаній, падкрэсліў Сметанін.
Еўрапейскія вытворцы зброі ў сярэднім выраслі на 13%:
→ Czechoslovak Group (Чэхія) – рэкордныя 193% (палавіна даходаў — вытворчасць для Украіны);
→ Diehl (Германія) – на 53%;
→ Rheinmetall (Германія) – на 47%;
→ BAE Systems (Вялікабрытанія) – на 6,9%.
«На гэтым фоне +41% Украіны — гэта ўзровень еўрапейскіх краін, пры тым што ніводная з іх не працуе ў настолькі складаных умовах», — адзначыў кіраўнік «Укробаронпрама».
2024 год стаў рэкордным для сусветнай абароннай прамысловасці па даходах. Рост тлумачыцца павышаным попытам у розных рэгіёнах свету, а для часткі еўрапейскіх кампаній дадатковым фактарам стала вайна РФ супраць Украіны.