«Для Украіны гэта чырвоная лінія на перамовах»
- 2.12.2025, 16:33
Украінскі палітолаг растлумачыў, чаму «мірны план» зайшоў у тупік.
СМІ паведамляюць, што падчас перамоваў у Фларыдзе ўкраінская дэлегацыя адмовіла ЗША ў двух пытаннях — вывад войскаў з Данбаса і НАТА.
Гэта чырвоныя лініі для Кіева? Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з вядомым украінскім палітолагам, кіраўніком Цэнтра прыкладных палітычных даследаванняў «Пента» Уладзімірам Фесенкам:
— Тэрытарыяльнае пытанне — гэта чырвоная лінія. Непрызнанне Расіяй тых тэрыторый, якія РФ акупавала, анексавала. Натуральна, для нас непрымальным з'яўляецца і вывад украінскіх войскаў з тэрыторыі Данбаса. Гэта не падтрымліваюць ні грамадства, ні дзяржаўнае кіраўніцтва.
Бо мала таго, што мы проста так аддаём нашу тэрыторыю, мы таксама цудоўна разумеем, што гэта будзе азначаць высоўванне новых расійскіх ультыматумаў. Цяпер Данбас, а заўтра нам нагадаюць, што Расія «не адмовілася» ад Херсона і Запарожжа, будзе патрабаваць Херсон і Запарожжа, а пасля гэтага яшчэ Харкаў і Адэсу. Мы гэта цудоўна разумеем, у адрозненне ад амерыканцаў.
Амерыканцы неяк занадта даверліва ўспрымаюць гатоўнасць Пуціна, яго абяцанні. Ён жа гаворыць не пра «спыніць вайну», а пра «прыпыніць». Гэта абяцанне перамір'я, спынення агню, калі ўкраінскія войскі выйдуць з Данбаса.
Другая чырвоная лінія — прынцыповая. Мы супраць абмежавання нашага ўнутранага і знешняга суверэнітэту, супраць таго, каб выконваць патрабаванні Расіі аб тым, што трэба запісаць у Канстытуцыі Украіны адмову ад перспектывы ўступлення ў склад НАТА. Наша пазіцыя — гэтае рашэнне залежыць не ад нас, гэта залежыць ад гатоўнасці НАТА.
Калі НАТА гатова прыняць рашэнне, што Украіна не будзе ў складзе Паўночнаатлантычнага альянсу, ну гэта права НАТА. Тады мы прымем такое рашэнне, што ж рабіць. Але Украіна не будзе па патрабаванні Расіі абмяжоўваць свой унутраны суверэнітэт. У дадзеным выпадку гаворка пра НАТА, але гэта тычыцца і еўрапейскай інтэграцыі, і ўнутрыпалітычных пытанняў, статусу рускай мовы, РПЦ ва Украіне і гэтак далей. У гэтым чырвоныя лініі.
Дарэчы, амерыканцы і раней прымалі такую ўкраінскую пазіцыю. У гэтым плане з 28 пунктаў па ініцыятыве Расіі з'явілася патрабаванне, што мы павінны пагадзіцца, запісаць у сваёй Канстытуцыі, што мы адмаўляемся ад НАТА. Раней амерыканцы якраз гэтага ад нас не патрабавалі.
Другое разыходжанне датычыць больш складанага пытання. Гэта гарантыі бяспекі для Украіны.
— Што маецца на ўвазе?
— Пытанне не ў тым, што амерыканцы адмаўляюць у гарантыях бяспекі. Раней яны казалі, што «не, мы не будзем даваць ніякія гарантыі бяспекі, гэта хай еўрапейцы вам даюць». Ужо ў жніўні і ўвосень пазіцыя ЗША змянілася. Яны разумеюць, што сапраўды неабходна прадаставіць нам гарантыі бяспекі.
Ідуць перамовы аб іх канкрэтызацыі, што менавіта гэта павінна азначаць, у якой форме гэта павінна адбыцца. Тут пазіцыя ЗША змянілася ў лепшы бок для нас. Але чыста тактычна амерыканцы настойваюць на тым, што мы спачатку павінны пагадзіцца на мірныя пагадненні, а потым ужо будзе вырашацца пытанне пра гарантыі бяспекі. А для нас такая логіка непрымальная. Мы ўжо навучаны горкім досведам. Напрыклад, з Будапешцкім мемарандумам.
А потым была гісторыя ў канцы 90-х гадоў з «бушэрскім кантрактам». Маюцца на ўвазе будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Іране, дзе ў Украіны былі буйныя кантракты, але пад ціскам ЗША мы адмовіліся і практычна нічога за гэта не атрымалі. А трэба было патаргавацца і атрымаць кампенсацыю. Было і яшчэ некалькі падобных сітуацый. Таму для нас вельмі важна, каб пытанне пра гарантыі бяспекі вырашалася адначасова з падрыхтоўкай і падпісаннем мірнага пагаднення, а не пасля.
Пасля могуць забыць. Ці сказаць: так, мы абяцалі, але не атрымліваецца. Не, гэта павінна быць адначасова. Гэта таксама не такое прынцыповае пытанне. Тут няма супярэчнасці з Расіяй, як па тэрытарыяльным пытанні. Вось якраз па тэрытарыяльным пытанні — тупіковая сітуацыя. Я нават тэарэтычна не бачу кампрамісу. Па пытанні гарантый бяспекі, думаю, што ўсё ж такі кампраміс магчымы. Яго праз пэўны час знойдуць. Пакуль ідзе такая, я б сказаў, тактычная барацьба.
І яшчэ адзін момант адзначу. Украіна будзе супраць аднабаковых саступак. Па кожным пункце трэба шукаць парытэтны кампраміс.
Напрыклад, калі гаворка ідзе пра скарачэнне войскаў, то пытанне трэба ставіць так, каб было ўзаемнае скарачэнне пасля завяршэння ваенных дзеянняў. Парытэтнае скарачэнне. Калі, дапусцім, украінскія войскі скарачаюцца да 600 тысяч чалавек, то тады і расійскія войскі ў зоне канфлікту і ў прыгранічных з Украінай рэгіёнах, уключаючы Беларусь, таксама не павінны перавышаць 600 тысяч чалавек.
— Сёння спецпрадстаўнік Трампа Уіткоф ляціць у Расію. Амерыканскія аналітыкі з Інстытута вывучэння вайны пішуць, што Расія адхіліць мірную прапанову, над якой працавалі ЗША і Украіна. Ці ёсць такая верагоднасць?
— Паглядзім, з чым вернецца Уіткоф з Масквы. Пакуль у мяне чаканні, скажам так, далёка не аптымістычныя.
Пуцін зноў будзе высоўваць «хателкі», ультыматумы, патрабаванні ў адрас Украіны, якія для нас непрымальныя. І цяпер у яго агрэсіўнасць, жорсткасць гэтых патрабаванняў нават узмацнілася. Таму рызыка чарговага тупіку ў перамовным працэсе, на жаль, узрастае.
Таму, у адрозненне ад пазіцыі Белага дома, я не разумею, чаму яны лічаць, што вельмі блізкія да нейкіх дамоўленасцяў, я якраз хутчэй у пазіцыі Пуціна бачу рэгрэс, адыход ад магчымага кампрамісу.
— Тады якія ў Трампа застаюцца варыянты?
— Пуцін будзе пераконваць Уіткофа і Кушнера, што трэба выпрацаваць не амерыкана-ўкраінскі мірны план, а амерыкана-расійскі. То бок вярнуцца, па сутнасці, да той версіі з 28 пунктаў. Магчыма, колькасць пунктаў будзе іншая, але павінен быць расійска-амерыканскі план.
І з высокай верагоднасцю Пуцін будзе прапаноўваць асабістую сустрэчу з Трампам для выпрацоўкі такога плана. Гэта праява канструктыўнасці, маўляў, «я гатовы дамаўляцца, але для гэтага патрэбная асабістая сустрэча». Вось гэта, думаю, будзе галоўнай «фішкай» у прапановах Расіі.
Але пры гэтым яны скажуць, што не згодныя з многімі пунктамі гэтага плана, які быў узгоднены ў Жэневе і часткова ў Маямі. І Расія будзе прапаноўваць Трампу ціснуць на Украіну. То бок: давайце мы дамаўляемся пра сумесны амерыкана-расійскі план, а вы далей прымушаеце Украіну выканаць гэты план. Вось гэта адзін варыянт, які, па сутнасці, будзе ісці з боку Расіі. І яго будуць прапаноўваць Трампу. Другі варыянт, пра які кажуць многія эксперты, у тым ліку і ў ЗША, — Трамп павінен вярнуцца да жорсткай лініі ў дачыненні да Расіі.
Павінен аказваць ціск на Расію: і санкцыйны, і палітычны. Хоча Пуцін сустрэчы, як гэта было ў канцы кастрычніка, — павінна быць жорсткая пазіцыя. Маўляў, я гатовы сустрэцца толькі ў тым выпадку, калі ты гатовы да пагаднення аб спыненні агню. Ну і да мірных перамоваў па ўсіх астатніх пытаннях. Але абавязкова дамаўляцца аб спыненні агню. Не гатовы — сустрэчы не будзе. Аднаўленне перамоваў пра пастаўкі ва Украіну дальнабійнай зброі. Гэта вельмі моцна ўплывае на Расію, як паказала практыка.
Вось у комплексе, калі такі ціск будзе на Расію, думаю, што, можа, не адразу, але праз нейкі час Пуцін можа стаць больш канструктыўным. Трэці варыянт — калі амерыканцы ўбачаць, што сітуацыя тупіковая, няма магчымасці выйсці на нейкі кампраміс ужо ў бліжэйшы час, да канца года. Калі Расія не гатовая да рэальных перамоваў з Украінай або да працягу «чоўначных» перамоваў з пошукам кампрамісу, тады чарговая паўза ў перамовным працэсе — ужо да наступнага года.